Антон Алешка
АНАТОМІЯ
Я вытрымаў іспыты ў інстытут.
Пагуляў дома дзён дзесяць і з Аркадзем, які вучыўся ў гэтым жа інстытуце, дамовіўся ехаць на некалькі дзён раней. Разлік быў просты — зараней заехаць і пасяліцца ў самым лепшым пакох інтарната, адпачыць. Так і зрабілі.
Прайшла ноч у дарозе, а на другую ў самую поўнач дайшлі мы да студэнцкага гарадка. У поцемках шумеў дождж і дзьмуў цёплы парывісты вецер.
Пастукалі ў дзверы заспанага інтэрната. Выглянуў вартаўнік. Ён пазнаў Аркадзя, хутка надзеў шапку і дапамог ўнесці клумкі..
Быў позні час і начавань парашылі ў пакоі адпачынку, куды прынёс вартаўнік два сяннікі. Ён крыху пагутарыў з Аркадзем, выключыў святло. Я знябыўся ў дарозе і, калі толькі накрыўся коўдраю, мяне адразу змарыў сон. Раніцою з клумкамі пайшлі на другі паверх, дзе выбралі сабе пакой. Тут было чатыры ложкі і тры сцяны, старанна выбеленыя. Чацвертая, амаль што цалкам шкляная, выходзіла на шырокі пляц гарадка. На тумбачках схіліліся два фікусы, лапушыста пусцілі густа-зялёнае лісце. Вось і ўсё, што было ў нашым пакоі. Размясціліся, расставілі мэблю і Аркадзь пайшоў у інстытут па сваіх справах. Я застаўся з новымі суседзямі. Прыглядаўся, слухаў, што гавораць і гартаў тоўстыя кніжкі, што ляжалі цэлай кучай на стале. Каля акна стаяў нявысокі ў клетчатай кепцы і такім жа пінжаку смуглявы, з худым тварам і маленькімі, як булаўка вочкамі — Пятрусь, ці як яго называў Аркадзь — Пека. Каля дзвярэй у чамадане нечага шукаў другі — Алег. Ён — доўгі, неаформлены, з крываватымі нагамі. Твар чырвоны, ну так, як гавораць у нас, проста вылізаны. Лоб блішчэў. Шчокі ўздуваліся, а тонкую шыю абвіваў сіні ў чырвоную палоску гальштук. Алег не спадабаўся мне, не ведаю чаму.
— Закусім, Пека,— звярнуўся ён да Пятруся.
Той бліснуў белымі зубамі, буркнуў, глянуўшы ў акно яшчэ раз.
— Не пашкодзіць...
Яны селі есці. Я тым часам лёг на ложак адпачыць. Глядзеў праз шырокія шыбы акна на двор, дзе шэрань хмар клубілася на ветры і ледзь не заснуў. Нехта пастукаў у дзверы. Алег крыкнуў:
— Можна!..
Калі скрыпнулі дзверы, я ўбачыў, што Алег прыкметна пачырванеў, апусціў вочы і перастаў есці памідоры. Я павярнуўся на другі бок. У пакой зайшла дзяўчына. Яе я не бачыў, а чуў толькі голас. Дзяліліся яны паміж сабою ўражаннем аб адпачынку, шмат аб кім гаварылі, але я нікога не ведаў. Дзяўчына часта смяялася звонкім гарлавым голасам, і мне думалася, што яны вельмі шчыра сябруюць. Крэсла заскрыпела і да ложака нехта ступіў.
— А гэта хто? — пачуўся голас дзяўчыны.
Я павярнуўся і расплюшчыў вочы. Насупраць стаяла стройная, у сіняй сукенцы студэнтка. Hoc тонкі, губы чырвоныя; і танклявая белая шыя хавалася пад каўняром, перавязаным наперадзе бантам. Вочы чорныя, горача-неспакойныя, нібы прыкалолі мяне да пасцелі. Я не варухнуў ні адной часткай свайго цела, любаваўся ёю ўкрадкай. Коратка абстрыжаныя валасы звіліся ў адзін клубок. Была яна струкаватая, як баранчык.
— Будзь знаёма... Брат Аркадзя... — прыплюшчыў і да таго малыя кропкі вачэй Пека, размашыста адвёў руку ў мой бок. Я нічога не сказаў на тое, што Пека схлусіў і паспешна ўстаў. Яна пільна паглядзела мне ў твар і, зразумела, я не вытрымаў. Пачуў толькі, што сказала, працягнуўшы мне руку.
— Нэя...
Я адышоўся да акна.
— Які няветлівы. А Лёня яшчэ. У мяне так брат завецца,— з усмешкаю закончыла яна.
У той жа вечар мы сядзелі з Аркадзем у кіно і я распытваў у яго пра Нэю. Аркадзь гаварыў аб ёй, як аб чулым сябру і актыўнай комсамолцы. Даруйце, не сказаў я, што Аркадзь у інстытуце быў сакратаром комсамольскай арганізацыі факультэта і безумоўна работу яе ведаў. Прыемна было слухаць, што такая прыгожая дзяўчына, як Нэя, і ў вучобе, і на грамадскай рабоце — амаль першая ў інстытуце. Шмат чаго мне сказаў Аркадзь. Мы выходзілі з кіно і ён між іншым паведаміў, што ўжо амаль два гады, як за ёю ходзіць наш Алег. Я не даходзіў, як яна на гэта рэагуе. Адразу знікла ахвота гаварыць аб Нэі і яе асляпляючая прыгажосць зрабілася прыкрай. Адбылося гэта ў момант. Усё, што вырасла за цэлы дзень і тое, што было афарбавана ў думках ружовым колерам, як кажу, вылецела і мне стала нядобра.
Ужо пад'язджалі да свайго гарадка. На стыках вагон гойдаўся і вельмі гудзеў. Я пазіраў на потную шыбу, думаў: „Няўжо яна гуляе з такім хлапчуком?" Усё яшчэ здавалася, што гэта не так. Глянуў на Аркадзя, стаяўшага побач. „Не хлусіць ён. Ведае як было. А я ўсякае магу ў думках гадаць пра чалавека". Шкада было толькі аднаго: які я ўсё ж чалавек? Толькі ўбачыў Нэю і ў адзін момант у лятуценнях намаляваў яе як найчысцейшую істоту, ідэал, да якога павінен цягнуцца. Ды памыліўся. У другі момант быў я задаволены, што гэта так. Супакоіўся і сказаў сабе, што, перш чым зрабіць той альбо іншы вывад аб кім-небудзь, трэба быць больш уважлівым, умець назіраць.
Праз тыдзень-другі ў інстытуце, на практычных занятках, нас мусілі асістэнты выклікаць і ў свае запісныя кніжачкі ставіць нейкія адзнакі. Па адказах студэнтаў мы хутка здагадаліся, што азначаюць кручкі, коскі...
За вучобу ўзяліся доўжна, з агнём. Асноўным у нас была анатомія. У анатамічны інстытут ішлі пасля лекцыі, праводзілі там увесь час, амаль да познае ночы. Я паволі прывыкаў да наўкольнага. Бывала выйду на вуліцу, здаецца і над зялёнымі дрэвамі сквера пахне фармалінам.
Нараджаліся розныя думкі і здавалася, што я не вытрымаю. Увечары гаварыў з Аркадзем. Ён з захапленнем расказваў аб медыцыне і раіў не думаць нават пра пераход у другую навучальную ўстанову. Так і прывыклася. Аднойчы вышаў я з секцыйнай залы і спыніўся ў файе. Пазнавата ўжо было. Люстры ярка асвятлялі вітыя сходцы ўніз. Паўз сцяну, так у рост чалавека, прыбіты быў абшлаг і насаджаны кветкі. Рознакаляровы шнур кветак спускаўся ўніз да парадных дзвярэй. Крыху вышэй віселі партрэты ў адзін рад, пачынаючы ад міфічных лекараў, ад аснавапаложнікаў медыцыны — Гіпакрата, Арыстотэля. Цягнуўся шэраг сусветных свяціл аж на другі паверх і канчаўся сучаснымі. Некаторыя з іх памерлі нядаўна. Вунь самы апошні партрэт акадэміка Іосіфава — буйнейшага анатома і знатака лімфатычнай сістамы. Толькі два гады, як яго голас замоўк на гэтай кафедры. А яшчэ вышэй, уваходзячага вітаў плакат, напісаны па латыні: „mortui docent vivatu" — „мёртвы вучыць жывога". Студзнты разумелі плакат гэты інакш і перакладалі па-свойму: „Мёртвы вучыць дацэнта".
Пускаў дымок цыгаркі і думаў я, ці за сваю справу ўзяўся, прышоўшы ў гэты анатамічны корпус, ці выйдзе што з мяне? Вастрыня гэтых пытанняў згладзілася пад уплывам на мяне з боку Аркадзя, але, калі заставаўся адзін, яны пачыналі пакрысе зноў паўставаць. У гэты час я перажываў такі момант, калі перад чалавекам адчыняць усе таямніцы і пакажуць, што ён значыць. Чалавек не паверыць сваім вачам. Напрыклад, я раней думаў зусім іншае аб уласнай руцэ, а гэта, калі паглядзеў яе анатомію — усё неяк упрасцілася, а можа нават і складаней стала.
Гэта неясна яшчэ акрэслілася ў маёй свядомасці. Пачуў, як унізе нехта ішоў наверх. Ходзіць людзей тут многа і я не звярнуў увагі. Азірнуўся тады, як да мяне звярнулася дзяўчына. Гэта была Нэя. Яна ціснула маю руку, пыталася, ці бачыў я яе таварышку і прозвішча сказала, а я не ведаў. Не цікавіўся больш. Я зараз мог лепш разгледзець Нэю, таму што яна спынілася насупроць і нечага пазірала ўніз.
Бровы ўзмахнуліся двума тонкімі палоскамі.
Яна гібкая, як каліна, павярнулася перада мною, паглядзела пільна, не маргнуўшы. Для мяне гэта нічога не значыла. Я спакойна пазіраў на яе. Мне хацелася ледзь-ледзь дакрануцца да кучаравых валасоў, прыхіліць яе да сябе. Чаму было такое жаданне — я не ведаю. Скажу: да Нэі я нічога не меў. Глядзеў на яе гэтак, як глядзіць экскурсант на мрамарную Венеру. Ён дзівіўся мастацтву чалавека, які здолеў сабраць усё прыгожае ў адну асобу, не больш.
Нэя не вытрымала майго погляда, апусціла вочы.
— Анатомію вучыш? — запыталася яна.
— Вучу пакрыху.
— Адзін вучыш?
— Яшчэ не прыбіўся да кампаніі, так што адзін.
Нэя казала, што анатомію вучыць аднаму цяжка, што трэба гуртком, у тры-чатыры чалавекі разабраць тэму, пасля давучваць кожнаму асобна. Я адказваў, як мог:
— Што зробіш — адзін. Я ўсё адзін. Нарадзіўся таксама адзін.
Яна ўсміхнулася на мой не вельмі ўдалы жарт, паглядзела яшчэ раз уніз.
— А цяжка?
— Бывае і цяжка...
— М-м... — стуліла тонкія губы. — Калі цяжка, я ахвотна дапамагу. Згодзен? — пыталася яна.
Я згадзіўся. Нэя пастаяла крыху і зайшла ў залу. На сярэднім стале ляжалі мае кніжкі. Яна глянула і сказала, што даўно гэта вучыла, але яшчэ добра памятае. Так я і дамоў пайшоў з ею. Трамваем ехаць не захацела, і мы спачатку люднымі вуліцамі, а потым нейкімі безымяннымі завулкамі дашлі да інтэрната. Нэя ўсю дарогу гаварыла. Шмат пра яе ведаў я, праўда, грунтуючыся на тым, што яна апавядала. Раззіталіся цёпла. Дома сказаў Аркадзю, што ішоў з Нэяй. Ён ужо клаўся спаць, усміхнуўся і сказаў таварышам:
— Глядзіце, як ён пачаў ахмураць Нэю. Цяпер зразумела, чаму яна часта бегае сюды.
Я паглядзеў на Алега. Ён надзьмуўся і загарнуў кніжку. Я гаварыў Аркадзю:
— Нэя казала, што сэрца запаліў другі з нашага пакою. Таму і ходзіць...
— Гэта праўда? — узняў галаву ад кніжкі Пека.
Алег нічога не сказаў. Пастаяў нахмурана каля фікуса і, паправіўшы гальштук, выйшаў.
Так мы і жылі. Аркадзь прыходзіў позна і тады я з ім мог гаварыць. Астатнія прыязджалі дамоў адразу пасля занятак. А я — як выпадала: альбо зарань, альбо зусім позна. Калі збіраліся усе, Аркадзь знарок пытаўся пра Нэю. Вядома было ўсім, што такая гутарка на па сэрцу Алегу, але ці ўсё быць сур‘ёзнымі? Звычайна было так. Пека скідаў кашулю, складаў старанна на табурэце і лажыўся на ложак. Ад яго можна было увесь вечар не чуць ні аднаго слова. Вельмі заўзята чытаў. Алег рабіў інакш. Любіў ісці да хлапцоў у кампанію, альбо да дзяўчат, і там спяваць. Прыходзіў у пакой і галасіста канчаў:
...лель моль,
лель моль...
Пека варушыўся на ложку і ўстаўляў у яго канец песні кожны раз амаль што адно.
— Не па спецыяльнасці пайшоў. Вяртайся, пакуль не позна.
Такая рэпліка не падабалася Алегу.
— Манах. Табе усё б маўчаць. Ведай, не засталося нідзе для цябе і драхлага манастыра.
Мінула два месяцы. Я бачыў, што Нэя свае абяцанне — дапамагаць мне — старанна выкоявае. Амаль кожны вечар яна прыходзіла ў анатамічку, знаходзіла мяне. Я спачатку глядзеў на гэта, як на забаву. Калі, думаю, ахвота дзяўчыне, дык няхай забаўляецца. А ў гэты час было ўжо мусіць іншае. Нават студэнты з маёй групы на занятках сталі прыкмячаць, а дзяўчаты шушукацца. Адзін раз на перапынку стаяў я на калідоры — лекцыя была ў нас — і пачуў, як нехта ўзяў мяне за локаць. Азірнуўсн і не паверыў вачам — гэта была Нэя. 3 чацвертага паверху прышла. Адвёўшы да акна, сказала з дакорай:
— Хлус ты... Я ўсё думала — і праўда...
Я азірнуўся. Не ведаў чаму так абзывае мяне і, прызнацца, крыху пачырванеў.
— Брат, казаў. Сёння Аркадзь мне пасмяяўся.
Уздыхнуў вальней, зразумеў у чым справа.
— Кінь... Па-першае, гэта сказаў не я. Наколькі памятаю, табе схлусіў Пека. Па-другое, не ўсё роўна, хто я Аркадзю: брат ці сват? Праўда?
Нэя нічога не адказала, доўгім поглядам правяла мяне ў аудыторыю. Хлопцы пыталіся ў мяне, якія адносіны я маю да яе. Давялося сказаць нешта заблытанае і перавесці размову на другое.
Хутка ў нас здарыўся такі выпадак. Аркадзь узяў статаскоп і пачаў аўскульціраваць Алега. Хударлявы ў целе Алег стаяў згорблена, дробна моргаў вачыма. У дзверы пастукалі.
Пека крыкнуў з ложка:
— Можна!
На парозе паказалася Нэя і, убачыўшы Алега ў такім выглядзе, зыйшла. Ён нездаволена махнуў рукою і выбіў у Аркадзя статаскоп. Чорная галоўка зляцела і, стукнуўшыся аб радзіатар, разляцелася. Алег раззлаваўся. Статаскоп быў яго. Спачатку гаманіў сам сабе, а потым надзеў кашулю, казаў у бок Пекі:
— Чалавеку нельга зайсці —разлёгся...
Пека ўстаў.
— Думаеш, яна не зайшла таму, што я ляжаў? Не хацела глядзець на твой габітус. Грудзі ў цябе, як у старога зайца, а ты яшчэ кавалера строіш.
Алег пачырванеў, выпучыў вочы.
— Хто б я не быў, табе ўсё роўна. У інтымныя справы не суйся, калі ласка... — кіпеў Алег.
Пека пазіраў на яго, не моргаючы, і на ім нішто не варухнулася. Да чаго ж спакойная натура!
— Калі будзеш крычаць, праз дугу ўмываць павядзём... Падабрэеш тады, — сказаў Пека і вышаў.
Вышаў і Алег.
У гэты вечар ад Пекі я даведаўся, што Алег — сын буйнага доктара з аднаго паўднёвага горада. У бацькі ён адзін, такі адпешчаны, што нічога не скажы.
— Каб ён гадаваўся ў нас на фабрыцы, а то што... — Пека ўзяў мандаліну і крануў струны медзіатарам. Любіў іграць штосьці такое працяглае, меладычнае, проста без канца.
"Анатомія" отзывы
Отзывы читателей о книге "Анатомія". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Анатомія" друзьям в соцсетях.