— Гарвардская юрыдычная школа! Цябе што, выгналі?

— Не ўгадала, аптымістачка, — крыкнуў я. — Паспрабуй яшчэ.

— Ты стаў першым на курсе?! — амаль здагадалася яна.

Цяпер мне было ўжо ці не сорамна сказаць ёй пра тое, што гэтак узрадавала-ўсхвалявала мяне.

— Не зусім. Трэцім.

— О, — працягнула яна. — Толькі трэцім?

— Паслухай, гэта ўсё роўна азначае, што маё імя трапіць у «Юрыдычны агляд»! — выкрыкнуў я.

Выраз яе твару быў абсалютна абыякавы.

— Бог мой, Джэні, — амаль праскуголіў я, — ну скажы хоць што-небудзь!

— Не раней чым пазнаёмлюся з нумарамі першым і другім.

Я глядзеў на жонку ў спадзеве, што ўсмешка, якую — я гэта ведаў — яна спрабуе стрымаць, усё-такі з'явіцца нарэшце на яе твары.

— Канчай, Джэні, — узмаліўся я.

— Усё. Я зліньваю. Прывітанне! — сказала яна і адразу дала нырца.

Не прайшло і трох секунд, як я нырнуў у ваду ўслед за ёю, і ўжо праз імгненне мы ўчапіліся за борт яхты, смеючыся і адфыркваючыся.

— Не ведаю, як у агонь, — сказаў я, — але ў ваду ты за мяне пойдзеш.

— Не задавайся надта, — адказала яна. — Трэці — гэта ўсяго толькі трэці.

— Гэй, шкодніца! — астудзіў я яе запал.

— Што, недарэка? — адгукнулася яна.

— Я табе багата чым абавязаны, — шчыра прызнаўся я.

— Хлусіш, недалуга, хлусіш, — адказала яна.

— Чаму гэта — хлушу? — трохі замяшаўся я.

— Ты абавязаны мне ўсім…

Таго вечара мы прагулялі ажно дваццаць тры долары на вячэры з амарам у шыкоўнай рэстарацыі ў Ярмуце. Джэні па-ранейшаму ўстрымлівалася ад ацэнкі майго трэцяга месца, збіраючыся ўведаць, што ж гэта за двое джэнтльменаў, якія, паводле яе слоў, «абулі мяне».

Смешна, вядома, але я так кахаў яе, што як толькі вярнуўся ў Кембрыдж, адразу кінуўся высвятляць, хто ж былі гэтыя двое хлопцаў. І з палёгкаю даведаўся, што першым быў Эрвін Бласбэнд, які вечна не адрываў носа ад кніг, вядома, насіў акуляры, не займаўся ніякім спортам дый увогуле не быў «яе» чалавекам. Другім «хлопцам» была нейкая Бэла Ландаў — дзяўчына. Факт гэты быў мне дужа прыемны, асабліва таму, што гэтая Бэла Ландаў была даволі халодная з выгляду (такіх багата сярод студэнтак Юрыдычнай школы), і цяпер я мог дражніць Джэні, распавядаючы ёй «падрабязнасці» таго, што адбывалася ў рэдакцыі «Юрыдычнага агляду», калі прыходзіў адтуль позна ўначы — часта ў дзве, а то і ў тры гадзіны. Што зробіш: шэсць лекцый, потым рэдагаванне «Юрыдычнага агляду» і, нарэшце, праца над сваім артыкулам — «Юрыдычная дапамога незаможным грамадзянам: вопыт даследавання на прыкладзе раёна Роксбэры (Бостан)». Надрукаваны ён быў крыху пазней, у сакавіку 1966 года, у «Гарвардскім юрыдычным аглядзе», на старонках 861–908, пад маім поўным «найменнем» — Олівэр Барэт IV.

«Неблагі артыкул. І праўда неблагі», — паўтарыў некалькі разоў наш старшы рэдактар Джоэл Флайшман.

Шчыра кажучы, я чакаў ад яго лепшага камплімента… Але я так і не пачуў ад Флайшмана нічога больш… Затое Джэні сказала, што артыкул «глыбокі, разумны і сапраўды добра напісаны». Няўжо ён так мала ўразіў Флайшмана, што той не мог сказаць чагосьці лепшага?..

— Флайшман лічыць, што артыкул неблагі, Джэн.

— Што?!. І дзеля таго каб пачуць гэта, я чакала цябе начамі? — Джэні была проста збянтэжаная. — Ён што, нічога не сказаў пра твой метад даследавання, стыль ці яшчэ пра што?

— Не, Джэн. Ён сказаў: «Артыкул неблагі» — і ўсё.

— Тады чаму ты так затрымаўся сёння?

— Я мусіў прагледзець сякія-такія матэрыялы з Бэлай Ландаў, — адказаў я ёй, падміргнуўшы.

— Вось як?

Я не зразумеў яе тону.

— Ты раўнуеш?..

— Не. Ногі ў мяне нашмат прыгажэйшыя.

— А ты можаш падрыхтаваць справу да слухання ў судзе?

— А яна можа згатаваць піцу?

— Можа, — адказаў я. — Якраз сёння ўвечары частавала ёю нас у рэдакцыі. І ўсе сказалі, што яе піца такая ж добрая, як твае ногі.

— Вядома, — кіўнула Джэні.

— Ну і што ты на гэта скажаш?

— Бэла Ландаў плаціць за тваю кватэру?

— Чорт! — усклікнуў я. — Ну чаму я не магу спыніцца, калі лік у маю карысць?

— Таму, падрыхтунчык, — сказала закаханая ў мяне жонка, — што такога ніколі не бывае!


15


На фініш мы прыйшлі ў тым самым парадку.

Інакш кажучы, Эрвіна, Бэлу і мяне прызналі трыма найлепшымі студэнтамі выпускнога курса. Блізіўся час трыумфу. Запрашэнні на службу… Выдатныя запрашэнні. Куды ні глянь, з усіх бакоў мне махалі сцягамі з надпісам: «Прыходзьце да нас, Барэт!»

Аднак мяне вабілі толькі зялёныя сцягі[12].

Вядома, я не быў такім ужо зацятым прагматыкам, але я адразу адкінуў прэстыжныя варыянты — накшталт пасады сакратара суддзі альбо службы, скажам, у Міністэрстве юстыцыі, — адкінуў дзеля месца, якое дазволіла б выкінуць з нашага з Джэні лексікону гнюснае слова «эканомія».

Хоць я і быў трэцім, у барацьбе за месца пад сонцам я меў адну неацэнную перавагу. У нашай першай дзесятцы выпускнікоў я адзін не быў жыдом. Дурань той, хто скажа, што гэта не мае значэння. Прысягаю вам, што дзесяткі фірмаў расцалуюць у задніцу любога стоадсоткавага амерыканца, які ледзь-ледзь здаў экзамен на адваката. А цяпер гляньце на вашага сціплага слугу: тут вам і Гарвард, і хакейная слава, і «Юрыдычны агляд», і, самі разумееце, татуля-мільянер. Карацей, багата хто пачаў сама сапраўдную бойку за права атрымаць мяне разам з маім іменем і рэпутацыяй у свой офіс. Я адчуваў сябе дзіцянём-рэкардыстам — і меў асалоду з кожнае хвілі гэтага адчування.

Асабліва вабную прапанову зрабіла мне адна лос-анджэлеская фірма. Яе вярбоўшчык, містэр Х (імя называць не хачу: яшчэ на судовай лаве апынуся), не пераставаў паўтараць мне:

— Барэт, хлопчык ты мой даражэнькі, у нашых краёх мы атрымліваем гэта ўвесь час. І ўдзень, і ўначы. Павер мне, можна нават запатрабаваць, каб прынеслі ў кантору!

Не тое што нас с Джэні асабліва цягнула ў Каліфорнію, але нам Бог ведае як хацелася ўведаць, што ж усё-такі мае на ўвазе містэр X. Мы гадалі й гадалі, і здагадкі нашыя былі ўжо сама вар'яцкія, толькі, відаць, для Лос-Анджэлеса такімі яны не з'яўляліся. (Урэшце, каб містэр Х адчапіўся ад мяне, я быў змушаны сказаць яму, што мяне зусім не цікавіць ягонае загадкавае «гэта». Ён быў дужа засмучаны.)

Словам, мы вырашылі застацца на ўсходнім узбярэжжы. У нас былі дзесяткі фантастычных прапаноў з Бостана, Ню-Ёрка і Вашынгтона. Пэўны час Джэні аддавала перавагу сталіцы: «Ты б мог прымерацца да Белага дома, Олі», — але мяне вабіў Ню-Ёрк. І, урэшце, з жончынага блаславення, я сказаў «згодны» самавітай фірме Джонаса і Марша (апошні быў колісь, дарэчы, Генеральным пракурорам) з моцнай арыентацыяй на абарону грамадзянскіх правоў. «Можна рабіць дабро і нажываць яго адначасна», — пракаменціравала гэты факт Джэні. І потым, яны вельмі ўжо доўга ўгаворвалі мяне. Стары Джонас сам прыехаў у Бостан, пачаставаў нас абедам у шыкоўнай рэстарацыі, а назаўтра прыслаў Джэні велізарны букет кветак.

Джэні потым ажно тыдзень хадзіла і напявала песеньку з усяго толькі трох слоў: «Джонас, Марш і Барэт». Я параіў ёй крыху зменшыць імпэт, але яна і слухаць мяне не стала, сказаўшы, што ў думках я сам няйначай ёй падпяваю. Наўрад ці мне трэба казаць вам, што яна не памылялася.

Дазвольце мне яшчэ заўважыць, што «Джонас і Марш» вызначылі мне гадавы даход у адзінаццаць тысяч восемсот долараў — больш з нашага выпуску не атрымаў ніхто.

Так што, бачыце, трэці я быў толькі ў вучобе.


16


«Змена адраса:

З 1 ліпеня 1967 года містэр і місіс Барэты пражываюць па адрасе: Ню-Ёрк, Усходняя 63-я вуліца, 263».

— Тут усё нейкае нуварышаўскае, — пажалілася мне Джэні.

— Дык мы ж і ёсць нуварышы, — усміхнуўся я.

Мой і без таго трыумфальны настрой паляпшала яшчэ адна акалічнасць: штомесячны ўзнос за маю новую машыну амаль раўняўся той суме, якую мы плацілі за ўсю нашую кембрыджскую халупу, няхай на яе ліха! Каб дайсці ад дому, дзе мы пасяліліся, да канторы «Джонас і Марш», мне трэба было хвілін сама болей дзесяць (ды не дайсці, а прадэфіліраваць — цяпер я больш любіў перамяшчацца менавіта так); гэтаксама блізка месціліся шыкоўныя магазіны накшталт бонуіцкіх ды іншыя. Я настойваў, каб жонка неадкладна адкрыла ў гэтых салонах рахункі і пачала расходаваць грошы.

— Навошта, Олівэр?

— А таму, Джэні, што я хачу, каб ты хадзіла менавіта туды!

Я ўступіў у ню-ёркскі Гарвард-клуб, куды мяне рэкамендаваў Рэй Стратан, які вярнуўся нядаўна з вайны, зрабіўшы колькі стрэлаў па в'етконгаўцах. («Можа, гэта і не в'етконгаўцы былі — проста пачуў нейкую валтузню ў кустах, вось і пальнуў».) Рэй і я гулялі ў сквош[13] сама меней тры разы на тыдзень, і я прысягнуў сам сабе, што праз тры гады неадменна стану чэмпіёнам клуба.

Магчыма, таму, што я зноў аб'явіўся ў гарвардскіх колах, а можа, таму, што пайшла пагалоска пра мае поспехі, хоць сваімі заробкамі я, дальбог, ні перад кім не выхваляўся, але сябры зноў «адкапалі» мяне. Мы пераехалі з Кембрыджа ў самы разгар лета (мне трэба было спешна рыхтавацца да ўступнага экзамена ў ню-ёркскую адвакатуру), таму першыя запрашэнні былі на ўік-энды.

— Ды пайшлі яны ўсе, Олівэр! Я не маю аніякага жадання тырчэць два дні запар у зборні гэтых нудных падрыхтунчыкаў.

— О'кэй, Джэні, але што я ім скажу?

— Скажы, што я зацяжарала.

— Ты сур'ёзна?

— Не, але калі мы застанемся на ўік-энд дома, дык вельмі верагодна, што гэта можа здарыцца.

Мы ўжо выбралі імя нашаму будучаму сыну. Дакладней, выбраў я, а потым угаварыў Джэні згадзіцца.

— Паслухай, Джэні, што я табе скажу. Толькі не смейся, — паставіў я ўпершыню пытанне на сямейнае абмеркаванне.

Жонка тым часам была на кухні (мэбля ў залацістых танах і нават машына для мыцця посуду).

— Што? — папыталася яна, разразаючы памідоры.

— Мне ўсё больш падабаецца імя Боза.

— Ты гэта сур'ёзна?

— Ага. Аж не магу — так падабаецца.

— Дык, значыцца, ты збіраешся назваць нашага сына Боза? — узіраючыся ў мяне, зноў папыталася яна.

— Менавіта так. Павер мне, Джэн, лепшага імя для суператлета не знайсці.

— Боза Барэт, — прамовіла яна, усё роўна як спрабуючы імя з прозвішчам на смак.

— Прысягаю, хлопец ён будзе што трэба, — працягваў я, адчуваючы з кожным словам усё большую ўпэўненасць. — «Боза Барэт, галоўны нападнік, зборная Гарварда і ўсіх універсітэтаў, хакеіст-скала!»

— Ну што ж… Гучыць няблага, Олівэр, але… Уяві сабе: а раптам хлопчык будзе пасрэдна скаардынаваны?

— Такога, Джэн, здарыцца не можа. У хлопца гены будуць што трэба. У мяне тут сумнення на міліграм няма. — Я і праўда быў у гэтым упэўнены. Апошнім часам думкі пра Боза прыходзілі мне ў галаву ўсё часцей. Паважна шпацыруючы на працу, я бачыў яго ўжо ледзь не наяве.

Размову прадоўжылі за абедам. Дарэчы, мы набылі адмысловы дацкі фарфор.

— Каардынацыя ў Боза будзе найвыдатнейшая, — сказаў я Джэні. — А калі яму дастануцца твае рукі, дык яго можна будзе смела ставіць на якую хочаш лінію.

Яна заўсміхалася — няйначай збіралася пакпіць з мяне і разбурыць усе мае ілюзіі. Аднак, не прыдумаўшы па-сапраўднаму знішчальнае рэплікі, разрэзала торт і паклала мне кавалак. А я ўсё выкладваў свае довады.

— Ты толькі ўяві, Джэні, — разважаў я з перапоўненым ротам. — Дзвесце сорак фунтаў натрэніраванай ударнай сілы!

— Дзвесце сорак? — здзівілася яна. — У нашых з табою генах няма ніякіх двухсот сарака фунтаў, Олівэр.

— Мы адкормім яго, Джэн. Пратэіны, вітаміны і ўсе астатнія неабходныя кампаненты паўнацэннага рацыёну.

— А калі ён не захоча есці твае кампаненты, што тады?

— Я яму не захачу! — сказаў я, усё роўна як злуючыся на ўпартага хлопчыка, які, седзячы за адным са мною сталом, адмовіцца дапамагчы мне здзейсніць мае мары зрабіць з яго лядовую зорку. — Куды ён дзенецца — з'есць, а то я як бачыш па шыі надаю.

Тут Джэні зазірнула мне ў самыя вочы і ўсміхнулася:

— Наўрад ці ты гэта зробіш, калі ў ім будзе дзвесце сорак фунтаў.

— М-м, — замяшаўся я на момант, але хутка знайшоўся. — Не адразу ж ён набярэ такую вагу.

— Вядома, не адразу. Але калі ўжо набярэ, тады сцеражыся! Адлупіць ён цябе! — Джэні пагрозліва памахала перад самым маім тварам лыжкаю і зарагатала, што чорт…


17


Зрабіць дзіцёнка не так ужо і лёгка.

Я маю на ўвазе, ёсць нешта недарэчна-смешнае ў тым, што маладыя людзі, якія ў першыя гады сваіх сексуальных практыкаванняў думаюць адно пра тое, як зрабіць так, каб дзяўчына не зацяжарала (калі пачынаў я, карысталіся ўсё яшчэ прэзерватывамі), потым рэзка пераключаюцца і прыкладаюць усе намаганні, каб дзяўчына зацяжарала.