— Шкада, — сказаў Олівэр Барэт III, спрабуючы, як я спачатку падумаў, пажартаваць. — Рана ў цябе проста зверская.

— Маеце рацыю, сэр. — (Можа, тут трэба было засмяяцца?)

І раптам мне прыйшла ў галаву думка: ці не хацеў ён сваім квазіжартам перадаць мне сваю незадаволенасць маімі дзеяннямі на лёдзе?

— Ці ты хацеў сказаць, што я паводзіў сябе сёння як звер?

На твары ў яго адбілася нешта накшталт задавальнення з прычыны таго, што я пацікавіўся ягонай думкаю на гэты конт. Аднак ён проста сказаў:

— Ты сам загаварыў пра ветэрынараў.

Тут я вырашыў заняцца вывучэннем меню. Калі прынеслі гарачае, Стод пачаў адно з сваіх даўно ўжо абрыдлых мне казанняў: гэтым разам, калі я правільна памятаю (а запамінаць я не стараўся), адносна перамог і паражэнняў. Ён зазначыў, што мы страцілі чэмпіёнскі тытул (брава, тата, глыбокае назіранне!), аднак галоўнае ў спорце — не выйгрыш, а сама гульня. Апошняе меркаванне падазрона нагадала перафразаваны алімпійскі дэвіз, і я адчуў, што гэта толькі ўверцюра і што зараз ён пусціцца разважаць пра тое, якое, па сутнасці, смяхоцце — гэтае ўніверсітэцкае першынство. Аднак я не збіраўся пракладваць яму сцяжынкі да алімпійскіх успамінаў. Выдаўшы належную партыю маіх: «Але, сэр» — я змоўк.

Потым мы прайшліся па ўсім дыяпазоне ўлюбёнай Стодавай антытэмы, якая называецца «мае планы».

— Скажы мне, Олівэр, што ў цябе з юрыдычнай школаю?

— Пакуль яшчэ, бацька, я цвёрда не вырашыў наконт юрыдычнай школы.

— Я хацеў бы ведаць іншае: ці вырашыла юрыдычная школа наконт цябе?

Яшчэ адзін досціп? Можа, мне трэба ўсміхнуцца ў адказ на гэтыя рытарычныя практыкаванні?

— Пакуль што не ведаю, сэр.

— Я мог бы патэлефанаваць Прайсу Цымерману…

— Не трэба! — перапыніў я, падпарадкоўваючыся імгненнаму рэфлексу. — Прашу, не трэба, сэр.

— Не дзеля таго, каб паўплываць на некага, — з годнасцю сказаў О. Б. III. — Проста навесці даведкі.

— Бацька, я хачу, каб мне адказалі лістом, як усім астатнім. Калі ласка.

— Але. Натуральна. Выдатна.

— Дзякуй, сэр.

— І яшчэ, цябе ж амаль напэўна прымуць і так, — дадаў ён.

Не ведаю, як гэта атрымліваецца, але О. Б. III умее прынізіць мяне, нават калі не шкадуе ўхвальных слоў.

— Хто ведае, — адказаў я. — У рэшце рэшт, хакейнай каманды ў іх там няма.

Не ведаю, чаму я пачаў прыніжаць сябе сам? Можа, таму, што ён пра мяне ўсё-такі высокае думкі?

— У цябе ёсць іншыя вартасці, — заявіў Олівэр Барэт III, але развіць гэтую тэму не пажадаў. (Зрэшты, не думаю, што гэта ў яго выйшла б.)

Ежа ў рэстарацыі была не лепшая ад нашае размовы, з адной хіба што розніцай: што булачкі будуць чэрствыя, я мог сказаць яшчэ да таго, як іх прынеслі, а вось угадаць, якую тэму будзе мець ласку прапанаваць мне бацька, мне ніколі не ўдаецца.

— Апрача таго, ты заўсёды можаш уступіць у Корпус Міру, — сказаў ён раптам ні з таго ні з сяго.

— Сэр? — Я не зусім зразумеў, што гэта — пытанне ці сцвярджэнне?

— Па-мойму, Корпус Міру — выдатная рэч. А ты як думаеш?

— Ну, — адказаў я, — ва ўсякім разе, гэта лепш за Корпус вайны.

Нічыя. Я не ведаў, што хацеў сказаць ён, і наадварот. Ці азначала гэта, што тэма вычарпаная і што зараз мы пяройдзем да абмеркавання іншых важных, сапраўды ўрадавых праграм? Не. Я зусім забыўся, што найгалоўнейшая наша тэма — гэта заўсёды мае планы.

— Я быў бы зусім не супраць, каб ты ўступіў у Корпус Міру, Олівэр.

— Я таксама, — сказаў я, не жадаючы ўступаць яму ў велікадушнасці.

Я ўпэўнены, што Стод ніколі мяне не слухае, і таму не здзівіўся, што ён ніяк не адрэагаваў на мой тонкі сарказм.

— А твае аднакашнікі, — прадоўжыў ён, — як да гэтага ставяцца?

— Сэр?

— Ці лічаць яны, што Корпус Міру мае нейкае значэнне ў іх жыцці?

Здаецца, слухаць фразу «але, сэр» майму бацьку гэтаксама неабходна, як рыбе знаходзіцца ў вадзе.

Яблычны пірог таксама быў чэрствы.

Каля паловы дванаццатай я правёў яго да машыны.

— Я што-небудзь магу зрабіць для цябе, сын?

— Не, сэр. Дабранач, сэр.

І ён паехаў.

Хоць паміж Бостанам і Ітакай, штат Ню-Ёрк, лётаюць самалёты, Олівэр Барэт III вырашыў ехаць на машыне. Не таму, што хацеў паказаць, што ён гатовы праседзець за рулём некалькі гадзін дзеля таго, каб убачыць сына. Проста ён любіць вадзіць машыну. Хутка ехаць. А ў такі позні час ды яшчэ на «Астан Марцін ДБС» можна несціся што чорт. Ён пэўна вырашыў пабіць свой уласны рэкорд хуткасці на адрэзку Ітака — Бостан, устаноўлены ім летась, пасля таго як мы перамаглі Корнэл і выйгралі першынство. Я не сумняваўся ў гэтым, бо бачыў, як ён зірнуў на гадзіннік перад ад'ездам.

Я вярнуўся ў матэль патэлефанаваць Джэні. Гэта была мая адзіная прыемная хвіліна за ўвесь вечар. Я расказаў Джэні пра бойку (не ўдакладняючы характару прычыны вайны), і магу сказаць, што гісторыя ёй спадабалася. Мала хто з яе вытанчаных сяброў-музыкантаў мог пахваліцца тым, што хоць раз у жыцці пускаў у ход кулакі.

— Але ж ты хоць даў як след таму корнэльцу, што цябе ўдарыў? — запыталася яна.

— Вядома, яшчэ як! Месца жывога на ім не пакінуў.

— Шкада, што я не бачыла. Можа, ты паб'еш каго-небудзь на матчы ў Ейлі?

— Абавязкова.

Я ўсміхнуўся. Як яна любіла простыя забавы!


4


— Джэні тэлефануе ўнізе, — сказала мне дзяўчына, што дзяжурыла на ўваходзе ў інтэрнат, хоць я і не паспеў назваць ні сябе, ні мэты свайго наведвання…

Я хутка зрабіў выснову, што гэта ачко на маю карысць. Дзяўчо пэўна чытае ўжо «Крымсан» і ведае, хто я такі. Ну, да славы нам не прывыкаць. Нашмат важней тое, што Джэні расказала тут, з кім яна сустракаецца.

— Дзякуй, — сказаў я. — Я пачакаю тут.

— Шкада, што ў Корнэле так выйшла, — загаварыла дзяўчо. — «Крымсан» піша, на цябе аж чацвёра накінуліся.

— Ага. І мяне яшчэ выдалілі. На пяць хвілін.

— Ого…

— Джэні яшчэ тэлефануе?

— Тэлефануе, — адказала яна, зірнуўшы на свой камутатар.

Цікава, што гэта за суразмоўца, якому ёй не шкада падарыць некалькі дарагіх хвілін нашага спаткання? Які-небудзь музыканцік? Я ведаў, што нейкі Марцін Дэвідсан, студэнт апошняга курса Адамс-каледжа і дырыжор аркестра Бахаўскага таварыства, прэтэндуе на выключную ўвагу Джэні. Праўда, у платанічным сэнсе. Не думаю, каб гэты маладзён мог падняць што-небудзь цяжэйшае за дырыжорскую палачку. Так ці інакш, я не пацярплю, каб у мяне адбіралі мой час.

— Дзе гэтая тэлефонная будка? — спытаўся я ў дзяжурнай.

— У холе, за рагом, — паказала яна рукою, куды ісці.

Я павольна ўвайшоў у прасторны хол і яшчэ здалёк убачыў Джэні. Дзверы будкі яна пакінула незачыненыя. Я ішоў павольна, гультаявата пазіраючы па баках, спадзеючыся, што яна заўважыць мяне, убачыць усе мае пластыры і, кінуўшы слухаўку, кінецца мне на шыю. Але я быў ужо побач з будкаю, і да мяне даляцелі абрыўкі размовы:

— Але. Ну, так. Абавязкова. О, я таксама, Філ. Я так цябе люблю!

Я ўсё роўна як здранцвеў. З кім яна гаворыць? Гэта быў не Дэвідсан — таго завуць не Філ. Я ўжо даўно разведаў пра яго ўсё, што мог, па ўніверсітэцкіх спісах: «Марцін Юджын Дэвідсан. Факультэт музыкі і мастацтваў. Хатні адрас: Ню-Ёрк, Рывэрсайд-драйв, 70. Вышэйшая школа музыкі і мастацтваў». Мяркуючы па фатаграфіі, гэта быў чуллівы і недурны хлопец, фунтаў на пяцьдзесят лягчэйшы за мяне. Але чаго гэта я раптам буду непакоіцца за Дэвідсана? І перада мною, і перад ім Джэніфэр аддае відавочную перавагу нейкаму Філу, якому (ну і ну!) пасылала цяпер пацалункі па тэлефоне.

Варта было адно адлучыцца на якія два дні, і, калі ласка, — нейкі казёл з ідыёцкім імем Філ забраўся да яе ў ложак (вядома, забраўся!).

Вешаючы слухаўку, яна нарэшце заўважыла мяне і, нават не пачырванеўшы, усміхнулася і з'імітавала пацалунак. Ну і двудушнасць!

Яна цмокнула мяне ў ацалелую шчаку:

— Э-э, ну і выгляд у цябе!

— Дасталося, Джэн.

— Але твой супернік выглядае яшчэ горш?

— Вядома. Нашмат. Мае супернікі заўсёды выглядаюць горш. — Я сказаў гэта з усёй злосцю, на якую здатны, намякаючы на тое, што намылю пысу любому суперніку, які палезе да яе ў ложак, пакуль мяне няма паблізу.

Але Джэні, як нічога і не здарылася, узяла мяне за рукаў, і мы рушылі да дзвярэй.

— Дабранач, Джэні, — сказала дзяжурная.

— Дабранач, Сара, — адгукнулася Джэні.

Калі мы выйшлі на вуліцу, збіраючыся сесці ў мой «МГ», я набраў у лёгкія свежага вечаровага паветра і як мог абыякава запытаўся:

— Паслухай, Джэн…

— Што?

— Э-э… Хто такі Філ?

Яна кінула ўжо ў машыне:

— Мой бацька.

Так я ёй і паверыў.

— Ты завеш свайго бацьку Філам?

— Але, гэта яго імя. А як ты завеш свайго?

Джэні ўжо казала мне, што яе выхаваў бацька, уладальнік невялікай пякарні ў Крэнстане, штат Род-Айлэнд. Маці яе загінула ў аўтамабільнай аварыі, калі Джэні была зусім маленькая. Усё гэта яна расказала мне, калі тлумачыла, чаму ў яе няма вадзіцельскіх правоў. Яе бацька — ва ўсіх астатніх адносінах, як сказала яна, сапраўды «выдатны хлопец» — пасля смерці маці стаў вельмі прымхлівым і ні за што не хацеў дазволіць адзінай сваёй дачцэ вадзіць машыну. Ёй гэта дужа замінала ў апошніх класах каледжа, калі яна пачала браць урокі ігры на фартэпіяна ў аднаго чалавека з Провідэнса. Затое яна паспела прачытаць у доўгіх аўтобусных паездках усяго Пруста.

— Дык як ты завеш свайго? — спыталася яна зноў.

Я думаў зусім пра іншае і не зразумеў пытання.

— Майго каго?

— Якім тэрмінам ты абазначаеш свайго творца?

Я назваў тэрмін, які заўсёды хацеў скарыстаць:

— Сукін Сын.

— У вочы? — спыталася яна.

— Я ніколі не бачу ягонага твару.

— Ён носіць маску?

— Бадай. Каменную. Абсалютна каменную.

— Кінь, ён, мабыць, страшэнна ганарыцца табою. Ты ж гарвардская хакейная славутасць.

Я зірнуў на яе. Відаць, яна і праўда нічога не ведае.

— Ён таксама быў выдатным спартсменам, Джэні.

— Лепшым за цябе?

Мне спадабалася, што яна такое высокае думкі пра мае атлетычныя дасягненні. Шкада, што мне прыйдзецца прынізіць сябе, расказаўшы ёй пра бацькавы поспехі.

— Ён удзельнічаў у фінальным заездзе акадэмічных адзіночак на Алімпійскіх гульнях 1928 года.

— Ого! — сказала яна. — І выйграў?

— Не, — адказаў я.

І яна, па-мойму, здагадалася, што мяне крыху суцяшае той факт, што ў фінале бацька быў толькі шосты.

Мы трохі памаўчалі. Цяпер Джэні, бадай, зразумее, што быць Олівэрам Барэтам IV — гэта азначае не толькі насіць тое самае імя, што і грандыёзнае збудаванне з шэрага каменю ў Гарвардскім універсітэцкім гарадку. Гэта яшчэ і своеасаблівае мускульнае застрашэнне. Я маю на ўвазе, калі над табою зіхацяць вяршыні чужое спартовае славы. Я маю на ўвазе — нада мною.

— Але што ён такое зрабіў, што ты назваў яго сукіным сынам? — спыталася Джэні.

— Ён змушае мяне, — адказаў я.

— Не разумею.

— Ён змушае мяне, — паўтарыў я.

— Да чаго, Олівэр?..

— Рабіць усё «правільна».

— А хіба гэта няправільна — рабіць усё правільна?..

Я адказаў, што ненавіджу, калі мяне праграмуюць на працяг Барэтаўскае Традыцыі — дый яна сама мусіла гэта зразумець: бачыла ж, як мяне ўсяго скурчвае кожнага разу, калі мне прыходзіцца называць пасля імені свой парадкавы нумар. І яшчэ, сказаў я, мяне даводзіць да шалу, што я кожны семестр абавязаны выдаваць х акадэмічных поспехаў.

— Ну, вядома, — сказала яна з непрыхаваным сарказмам. — Я даўно заўважыла, як табе не падабаецца атрымліваць свае «А» і гуляць за зборную ўніверсітэта.

— Я ненавіджу другое: ён нічога іншага і не чакае! — Ніколі раней я нікому гэтага не гаварыў — і цяпер адчуваў сябе страшэнна няёмка. Але мне трэба было растлумачыць Джэні ўсё. — Калі мне і праўда штосьці ўдаецца, дык ён настолькі скептычна да гэтага ставіцца, што ўявіць сабе немагчыма! Усё чыста ўспрымае як звычайнасць.

— Дык ён жа заняты чалавек! Яму ж трэба кіраваць усімі гэтымі банкамі і Бог яго ведае што яшчэ рабіць!

— Джэні, ты, уласна, на чыім баку?

— А гэта што, вайна? — спыталася яна.

— Вайна, — адказаў я.

— Гэта ж смешна, Олівэр.

Выдавала на тое, што яна сапраўды не магла мяне зразумець. Тады я і западозрыў, што мы па-рознаму глядзім на жыццё. Вядома, мае тры з паловаю гады ў Гарвардзе і яе ў Рэдкліфе ператварылі нас абаіх у самаўпэўненых інтэлектуалаў — традыцыйны прадукт гэтых устаноў. Аднак на гэтым падабенства канчалася. Згадзіцца з тым, што ў майго бацькі каменнае сэрца, яна не магла: заміналі, мабыць, нейкія атавістычныя італійска-міжземнаморскія паняцці накшталт «падрэ любіць сваіх бамбіні» — толькі так і не інакш.