Людзі тут, як відаць, не дужа цырымонныя…

— Ніхто, — азвалася Джэні, і гэта так паддало мне ўпэўненасці ў сабе, што далей ажно няма куды.

— Можа, і так, — крыкнула місіс Кападзілупа, утупіўшыся ў мяне, — затое дзяўчына ў яго — ого-го!

— Ён гэта ведае, — адказала Джэні.

Потым яна павярнулася на радасць суседзям насупраць.

— Ён гэта ведае, — сказала яна другому гурту сваіх фанаў.

Потым узяла мяне за руку — руку чужаніцы ў раі, і пацягнула ўверх па прыступках дома № 189 А, Гамільтон Авэню…

Я ўвайшоў у пакой і спыніўся.

— Знаёмся, гэта мой бацька, — сказала Джэні, і Філ Кавілеры, каржакаваты мацак-родайлэндзец (рост — прыкладна 5 футаў 9 цаляў, вага — фунтаў 165) падаў мне руку.

Я падаў яму сваю і адчуў ягоную сілу.

— Як жыццё, сэр? — прывітаў я яго.

— Філ, — паправіў ён мяне. — Проста Філ.

— Філ, сэр, — сказаў я, як раптам мне давялося яшчэ і спалохацца.

Выпусціўшы маю руку, містэр Кавілеры павярнуўся да сваёй дачкі і гаркнуў штосілы:

— Джэніфэр!

На нейкі момант абое застылі. А потым кінуліся абдымацца. Моцна. Дужа моцна. Пагойдваючыся з боку ў бок. І ўвесь гэты не такі і малы ўжо час містэр Кавілеры паўтараў (цяпер ледзь чутна) толькі адно слова: «Джэніфэр, Джэніфэр, Джэніфэр…» Адзінае ж, што магла адказаць на гэта ягоная рэдкліфская разумніца-дачка, было: «Філ, Філ, Філ…»

Без аніякіх сумненняў, я быў тут лішні.

Адзінае, што выручыла мяне таго дня, дык гэта маё вытанчанае выхаванне. З дзяцінства мне ўбівалі ў галаву, што есці з поўным ротам — непрыстойна. А раз Філ і Джэні ўсё роўна як змовіліся трымаць гэты самы рот набітым, дык гаварыць мне амаль не давялося. Я з'еў рэкордную колькасць італійскіх пірожных. Пазней, на радасць абаіх Кавілеры, я даволі доўга і падрабязна разважаў пра тое, якія з пірожных спадабаліся мне найбольш (а пакаштаваў я кожнага гатунку, баючыся пакрыўдзіць гаспадара, па два).

— Ён о'кэй, — сказаў Філ дачцэ.

Што б гэта магло азначаць?

Не, мне ўжо не трэба было тлумачыць, што такое «о'кэй», я толькі хацеў ведаць, якому з сваіх дужа нешматлікіх ды асцярожных рухаў, жэстаў ці, так бы мовіць, выказванняў я абавязаны гэткай высокай адзнакаю.

Мажліва, я сапраўды правільна ацаніў пірожныя? Ці досыць па-мужчынску паціснуў яму руку? А можа, заслужыў ухвалу чым-небудзь іншым?

— Я ж казала, Філ, што ён о'кэй, — сказала Джэні.

— Сапраўды о'кэй, — сказаў бацька. — Але ж мне трэба было паглядзець самому. Вось і паглядзеў. Олівэр! — звярнуўся ён да мяне.

— Слухаю вас, сэр.

— Філ.

— А, Філ… сэр?

— Ты о'кэй.

— Дзякую, сэр. Я вам вельмі ўдзячны. Праўда, удзячны. І вы ведаеце, як я стаўлюся да вашай дачкі, сэр. І да вас, сэр.

— Олівэр! — перапыніла мяне Джэні. — Перастань лапатаць, як падрыхтунчык на іспыце…

— Джэніфэр! — перапыніў яе містэр Кавілеры. — Не чартыхайся пры госцю, трасца на цябе!..

За абедам (пірожныя былі толькі, скажам так, прынадаю) Філ паспрабаваў завесці са мною сур'ёзную размову — і пра што б вы думалі? Ён чамусьці ўбіў сабе ў галаву, што зможа наладзіць нармальныя адносіны паміж Олівэрам III і Олівэрам IV.

— Дай мне адно пагаварыць з ім па тэлефоне, як бацьку з бацькам.

— Не трэба, Філ, толькі час змарнуеце.

— Але ж не магу я сядзець і глядзець, як бацька ад роднага сына адмаўляецца! Не магу.

— Але я таксама ад яго адмаўляюся, Філ.

— Каб я больш такога ніколі не чуў! — сярдзіта гаркнуў ён. — Бацьку трэба цаніць і шанаваць…

— Асабліва ў нашай сям'і, — сказаў я.

Джэні сноўдала паміж кухняю і сталоваю і не брала ў гутарцы аніякага ўдзелу.

— Давай набірай яго нумар, — настойваў Філ. — Я ўмомант зраблю ўсё о'кэй.

— Не, Філ. Мы з ім замарозілі зносіны.

— А, кінь, Олівэр, адтане ён. Павер мне, калі ўжо я кажу, — адтане. Як прыйдзе час ехаць у царкву…

Але тут Джэні, якая расстаўляла талеркі для дэсерту, спыніла яго адным сумна прамоўленым словам:

— Філ…

— Што, Джэн?

— Я хацела сказаць табе наконт царквы…

— Што?

— М-м… Ну, увогуле, нам не хацелася б, Філ.

— Як? — не зразумеў містэр Кавілеры. І адразу, зрабіўшы нейкую сваю выснову, усё роўна як крыху вінаваты, павярнуўся да мяне:

— Э-э, я, уласна, не меў на ўвазе, што гэта абавязкова павінна быць каталіцкая царква, Олівэр. Я думаю, Джэніфэр, вядома, сказала табе, што мы каталіцкага веравызнання. Але я меў на ўвазе вашую царкву, Олівэр. Прысягаю, Бог блаславіць такі саюз у любой царкве.

Я паглядзеў на Джэні, якая, здаецца, так і не закранула гэтае важнае тэмы ў тэлефоннай размове.

— Олівэр, — растлумачыла яна, — я не хацела абвальваць на яго ўсё адразу.

— Пра што гэта вы? — запытаўся містэр Кавілеры. — Абвальвайце, дзеткі, абвальвайце на мяне ўсё, што ў вас на сэрцы, я адно рады буду.

Чамусьці менавіта ў гэты момант вочы мае спыніліся на фарфоравай статуэтцы Дзевы Марыі, што стаяла на палічцы ў сталовай.

— Гаворка ідзе пра гэтае самае Боскае бласлаўленне, Філ, — сказала Джэні, адводзячы позірк ад бацькі.

— Ну і што, Джэн? — запытаўся Філ, баючыся сама горшага.

— М-м… мы ставімся да гэтага неяк адмоўна, Філ, — сказала яна, гледзячы на мяне ў пошуку падтрымкі — і я спрабаваў даць ёй яе сваімі вачыма.

— Да Бога? Да любога Бога?

Джэні кіўнула.

— Можна, я растлумачу, Філ? — умяшаўся я.

— Добра, тлумач.

— Мы абое не верым, Філ. І не хочам двудушнічаць.

Думаю, ён сцярпеў гэта адно таму, што я быў ягоным госцем. А ўжо Джэні дык магла б і поўху зарабіць. Аднак цяпер ён адчуваў сябе ўсё роўна як лішнім, чужаніцаю. Ён нават не мог глядзець на нас — апусціў вочы.

— Ну што ж, выдатна, — сказаў ён пасля доўгага маўчання. — Ці магу я хоць даведацца, хто правядзе цырымонію?

— Мы, — адказаў я.

Містэр Кавілеры дапытліва паглядзеў на дачку. Джэні кіўнула ў знак згоды.

Ён зноў надоўга змоўк, потым яшчэ раз сказаў: «Выдатна» — і спытаўся, ці лічу я, як будучы юрыст, што такі шлюб будзе — як гэта называецца? — законным?

Джэні растлумачыла, што на цырымоніі, якую мы прыдумалі, будзе прысутнічаць, пакуль жаніх і нявеста звярталіся адно да аднаго, універсітэцкі капелан-ўнітарый.

— Ах, капелан, — прамармытаў Філ. — Нявеста таксама будзе гаварыць? — спытаўся ён, нібы менавіта гэта магло неяк суцешыць яго.

— Філіп! — усклікнула Джэні. — Няўжо ты можаш уявіць сабе такую сітуацыю, у якой я магла б змаўчаць?

— Не, дзетка, — адказаў ён, паспрабаваўшы ўсміхнуцца. — Ты заўсёды што-небудзь скажаш.

Па дарозе назад у Кембрыдж я папытаўся ў Джэні, як, на яе думку, прайшла сустрэча.

— О'кэй, — адказала яна.


10


Містэр Уільям Ф. Томпсан, намеснік дэкана Гарвардскай Юрыдычнай школы, не паверыў сваім вушам.

— Я не ачуўся, містэр Барэт?

— Не, сэр…

Найцяжэй было гэта сказаць першы раз. Паўтарыць было лягчэй.

— На наступным курсе мне спатрэбіцца стыпендыя, сэр.

— Сапраўды?

— Таму я і прыйшоў да вас, сэр. Вы ж загадваеце фондам фінансавай дапамогі, ці не так?..

— Але, загадваю, толькі неяк дзіўна… Ваш бацька…

— Цяпер ён тут ні пры чым.

— Даруйце? — Містэр Томпсан зняў акуляры і пачаў праціраць іх кончыкам гальштука.

— Паміж намі ўзніклі пэўныя непаразуменні.

Містэр Томпсан зноў надзеў акуляры і паглядзеў на мяне так безвыразна, як могуць глядзець хіба што дэканы ды іхнія намеснікі.

— Гэта вельмі сумна, містэр Барэт, — сказаў ён.

«Для каго?» — ледзь не запытаўся я. Гэты тып пачынаў дзейнічаць мне на нервы.

— Згодны, сэр, — пацвердзіў я. — Вельмі сумна. Таму я цяпер і ў вас… У наступным месяцы я жанюся. Улетку мы з жонкаю будзем працаваць. Потым Джэні, жонка, уладкуецца настаўніцай у прыватную школу. На жыццё мы заробім, але ж трэба яшчэ плаціць за вучобу. А ў вас плата за навучанне, дарагі містэр Томпсан, досыць высокая.

— М-м… высокая, — сказаў містэр Томпсан, але нічога больш не дадаў.

Ён што, не зразумеў, чаго мне ад яго трэба? Якога ж тады чорта, ён думае, я да яго прыйшоў?

— Містэр Томпсан, я хачу атрымаць стыпендыю, — зноў сказаў я яму ў лоб. Трэці ўжо раз. — У банку ў мяне ні цэнта, а я ўжо залічаны ў студэнты.

— М-м… разумею, — марудзіў ён, як раптам знайшоў зачэпку: — Аднак тэрмін падачы заяў на стыпендыю даўно скончыўся.

Што ён хоча з мяне выцягнуць, гэты пацук? Крывавыя падрабязнасці сямейнае драмы Барэтаў? Ці хоча, каб я ў яго тут наскандаліў? Чаго яму трэба ад мяне?!

— Містэр Томпсан, я не мог падаць заяву раней, бо не ведаў, што так здарыцца.

— Я разумею вас, містэр Барэт, аднак змушаны вам сказаць, што не бачу за дэканатам права ўмешвацца ў сямейныя справы. Хоць і, паўтараю, мне сумна ўсё гэта чуць.

— О'кэй, містэр Томпсан, — сказаў я, устаўшы. — Я бачу, да чаго вы хіліце. Але я не збіраюся лізаць пяткі свайму бацьку дзеля таго, каб вашая школа атрымала ўласны Барэт-Хол.

Ужо ідучы да дзвярэй, я пачуў, як намеснік дэкана прамямліў:

— Гэта несправядліва.

Я быў згодны з ім цалкам.


11


Джэні атрымала дыплом у сераду. Якая толькі яе радня не прыехала на цырымонію ў Кембрыдж: з Крэнстана, Фол-Рывэра і нават нейкая цётка з Кліўленда. Па папярэдняй дамоўленасці, каб ні ў кога не было заўчаснае крыўды з-за таго, што іх не запрасілі на вяселле, мяне не рэпрэзентавалі як жаніха і Джэні не надзела заручальнага пярсцёнка.

— Цётка Клара, гэта мой сябра Олівэр, — казала Джэні, рэкамендуючы мяне чарговаму сваяку, і абавязкова дадавала: — Ён яшчэ не закончыў каледжа.

Сваякі штурхаліся пад бокі, шапталіся, нават абменьваліся ўголас сваімі меркаваннямі наконт нас, аднак нічога не маглі выведаць ні ў Джэні, ні ў мяне, ні ў Філа, які, мяркую, быў рады, што ўхіліўся ад абмеркавання такое рэчы, як каханне паміж атэістамі.

У чацвер я займеў аднолькавы з Джэні акадэмічны статус, атрымаўшы дыплом — як і яна, з высокай ухвалою.

Нават больш, як стараста курса я ўзначальваў працэсію выпускнікоў, якія ішлі да сваіх лавак, — інакш кажучы, ішоў на крок уперадзе нават за сама лепшых, што атрымалі дыплом «з найвышэйшай ухвалою». Мне карцела сказаць гэтым хлопцам, што маё цяперашняе становішча лідэра лішні раз пацвярджае слушнасць маёй тэорыі: адна гадзіна, праведзеная на лёдзе Дзілан Філд Хаўз, вартая дзвюх гадзін, аддадзеных Уайднэраўскай бібліятэцы. Аднак устрымаўся. Навошта псаваць людзям настрой?

Паняцця не маю, ці быў сярод гасцей Олівэр Барэт III. У дзень цырымоніі ў двары ўніверсітэта збіраецца больш як семнаццаць тысяч чалавек, а я, ведама ж, не разглядваў натоўп у бінокль. Два мае «бацысоўскія» пропускі на ўрачыстасць я перадаў Філу і Джэні. Вядома, як выпускнік Гарварда, старая каменная «фізія» магла прайсці без пропуска і сесці разам з выпускным курсам дваццаць шостага года. А з другога боку, навошта яму гэта трэба? Банкі ж гэтым часам адчыненыя.

Ажаніліся мы ў нядзелю. Галоўнай прычынаю, чаму мы не запрасілі радню Джэні, была асцярога, што выключэнне з цырымоніі Бацькі, Сына і Святога Духа стане для набожных католікаў задужа цяжкім выпрабаваннем. Адбылася цырымонія ў Філіпс-Брукс-Хаўзе, гістарычным будынку ў паўночнай частцы ўніверсітэцкага гарадка. Прысутнічаць пры ёй у якасці духоўнае асобы мы запрасілі, як і збіраліся, Цімаці Блоўвэлта, унітарнага капелана каледжа. Вядома, я запрасіў Рэя Стратана. І яшчэ аднаго сябра, Джэрэмі Наўма, майго прыяцеля па Эксэтэры, які аддаў перавагу не Гарварду, а Амхэрсту, дзе і вучыўся цяпер. А Джэні запрасіла сяброўку па каледжы і — мажліва, з сентыментальнасці — тую няўклюдную дзяўчыну, з якой працавала разам у Рэдкліфскай бібліятэцы таго дня, калі мы пазнаёміліся. Ну і, ведама ж, прыехаў Філ.

Яго я перадаў пад нагляд Рэю. Перадаў у тым сэнсе, што папрасіў Рэя сачыць, каб стары не хваляваўся. Але дзе там — Стратана самога трэба было супакойваць! Так гэтая пара і стаяла — нязграбна пераступаючы з нагі на нагу і моўчкі ўмацоўваючы адзін аднаго ў прадузятым перакананні, што гэтае «самаробнае вяселле» (як назваў яго Філ) ператворыцца (як прадказваў Стратан) у відовішча кшталту «фільма жахаў». Усяго толькі таму, што мы з Джэні мусілі сказаць колькі слоў адно аднаму, а не святару. Мы ж ужо бачылі, як гэта робіцца, увесну, калі адна з каляжанак Джэні па музычных занятках, Мэры Рэндал, выходзіла замуж за студэнта факультэта дызайну Эрыка Лэвэнсана. Усё было вельмі прыгожа, і мы захварэлі ідэяй зрабіць гэтаксама.

— Ці гатовыя вы? — спытаўся капелан.