Сапраўдны лінгваканструктар ня робіць мовы “як жывыя”. Ён стварае жывыя мовы.

Бальбута атрымалася такой жывой, што нехта ад яе нават памёр.

3.

Кожная сканструяваная мова мусіць адпавядаць пяці важным патрабаваньням.

Па-першае, яна мусіць быць лёгкай для вывучэньня. Ня мець выключэньняў і іншых нелягічных складанасьцяў, якія нічога не дадаюць да яе прыгажосьці, а толькі загрувашчваюць новую, створаную намі прастору. Прастора нованароджанай мовы — пакой зь белымі сьценамі, падлогай са сьветлага дрэва, шмат сонца і вокны да столі. Па­вет­ра і сьвятло. Нічога лішняга.

Па-другое, яна мусіць быць мілагучнай. Менавіта немілагучнасьць загубіла некалі валяпюк. Музыка трымае мову ў сьвеце, злучае яе клеткі, не дае вярнуцца ў хаос. І тут патрэбныя кампрамісы. Дзевяць зь дзесяці эўрапейцаў маюць у якасьці ідэалу мілагучнасьці і музычнасьці раманскую спадчыну. Як бы ты ні ставіўся да гэтых пашлякоў, у нечым яны маюць рацыю. Поўнагалосьсе і націскі, чысьціня галосных, рыкі зычных — усё гэта можа адпрэчыць толькі дурань. Хоць для мяне ідэалам у гэтым сэнсе заўжды была літоўская... Пявучая і старажытная мова суседзяў — яе гукі нават фізычна прыемна вымаўляць. Пэўне, на бальбуце гэтая мая любоў неяк адбілася.

Па-трэцяе, мова мусіць быць паэтычнай. З аднаго боку, мець паэзію ў самой сабе, з другога, мець здольнасьць самой ствараць паэзію, мець патэнцыял вобразнасьці, сілу казаць пра невымоўнае. Мова ня мова, калі яна ня мае таямніц. Якой бы яна ні была багатай і складанай, мова мёртвая, калі яна адкрытая толькі для абмежаванай колькасьці інтэрпрэтацый. Калі на яе немагчыма перакладаць і зь яе цяжка перакладацца.

Па-чацьвертае, яна мусіць мець пэўную філязофію. Зьмяняць асобу таго, хто ёй валодае, ставіць пытаньні, зьвязваць са сьветам, уплываць на мысьленьне.

Па-пятае, яна мусіць даваць свабоду. Кожны, хто захоча ёй авалодаць, мусіць мець права рабіць зь ёй што захоча, зьмяняць і прыстасоўваць да сваіх патрэбаў. Мова немагчымая бяз гнуткасьці, яна — зьмяя, якая адолее сваім грымучым целам любую сьцяну, любую адтуліну, любы рэльеф, зьмяя,­­­ для якой няма перашкодаў ні пад зямлёй, ні на зямлі, ні ў небе.

Такім чынам, кожная новаствораная мова мусіць спалучаць у сабе мілагучнасьць і вольнасьць эспэранта, розум і прытомнасьць такіпоны, лёгкае вар’яцтва славянскіх гаворак і шматзначнасьць усходняга герогліфа.

Бальбута адпавядала ўсім пяці патраба­ваньням.

Яна і праўда атрымалася даступнай і лёгкай. Яе правілы можна засвоіць за некалькі хвілін, а лексыку за дзень.

Фанэтыка адвольная, толькі “l” заўжды мяк­кі. J — гэта ёт і чытаецца як “й” і не інакш. Націск заўжды на перадапошні склад — але ў словах з “-utima”, “-utika, -utikama” толькі на “u”.

Скажы: balbutika. Гэта значыць: словы. Або: мовы. Або...

Лацінская графіка, знаёмая кожнаму. Пісьмо без дыякрытыкі — гэта лішняе. Ніякіх дыграфаў, дыфтонгаў, артыкляў, сопляў, дубляў, дробных дуэляў... Кожны назоўнік у намінатыве мае канчатак -uta, пры зьмяненьні — -utіma.

Скажы: balbuta balbutima. Найлепшая мова. Мова мовы. Ці Песьня песьняў?..

Для назоўнікаў, што азначаюць занятак або прафэсію, я прыдумаў адмысловы прафэсійны суфікс: -aln для мужчын і -alinga для жанчын.

Скажы: balbaln. Balbalinga. Tajnobalbaln. Tajnobal­ba­linga. Паэт-ка... А мо, проста апантаны амбіцыямі няздарны лінгвіст-аматар?

Ну, а множны лік: -utika. Я ўжо казаў. Прасьцей не бывае. Словы ў множным ліку, калі зьмяняюцца, набываюць канчатак -utikama.

Balbutika. Словы. Balbutikama. Словаў. Grimuta mau balbutikama. Музыка маіх словаў. Ну і фанабэрыя... Музыка, блін, маіх словаў...

Кожны прыметнік сканчаецца на -oje, прыслоўе на -oju, дзеяслоў на -uzu. Прыметнікі і прыслоўі не зьмяняюцца. Зьмены нічога не дадаюць для іх разуменьня, дык нашто майстраваць для бальбуты лішнія віньеткі, загрувашчваць цьвяточкамі мой зьбіты цьвікамі лёгікі твор. Бальбута — канструктывізм з элемэнтамі ар-дэко, а ня нейкі імпэрскі кічавы псэўдаклясыцызм. Так вырашыў я, першы Бальбутанін.

Ведама ж, зь дзеясловамі выйшла крышку складаней. Мінулы час дзеяслова ўтвараецца дадаваньнем перад ім часьціцы bim, будучы час — bu.

Скажы: bu balbuzu. Гаварыцьму. Bim balbuzu. Гаварыў.

Умоўны лад дзеяслова, мой любімы лад, робіцца так: бярэм дзеяслоў і дадаем да яго сьпераду bif. Прызнаюся, гэта я прыдумаў чыста для прыгажосьці. А яшчэ для таго, каб надаць туманнасьці і хітрыкам бальбуты крышку шчырасьці. Той, хто валодае бальбутай, заўжды гуляе сам з сабой.

Як сканструяваная мова бальбута спалучае ў сабе рысы як апрыёрных, так і апастэрыёрных канлангаў. То бок яна і бярэ з чужых крыніцаў, і дае жыцьцё новым. Яе лексычная база складаецца з двух сотняў словаў, якія даюць нам усе неабходныя карані і козыры. Утварэньне іншых і перадача ўсіх магчымых значэньняў — у руках таго, хто кажа. Тут і ўключаецца паэтычная сіла бальбуты — бо толькі маючы ўяўленьне пра паэзію, адкрываючы ў сабе таямнічыя рэзэрвы фантазіі, актывізуючы ўсе свае даўно атрафаваныя органы, адказныя за цуд, можна выказаць на бальбуце тое складанае, што ў табе ёсьць. Асьвяціць сябе ўнутраным агнём гэтай мовы — і яе, узьніклую з пус­тэчы, полымем знойдзенай у сабе сілы. Патэнцыйна кожнае выказваньне на бальбуце — гэта гатовы верш, калі табе хочацца ад жыцьця чагосьці большага, чым жратва, прыбіральня, асалода і сон.

Вось ён, слоўнік, той зачараваны замак, дзе ляжаць скарбы бальбуты, balbutika balbutima, скарбы, якімі можа карыстацца кожны, і ад гэтага іх зробіцца яшчэ больш.

BALBUTA

СЛОЎНІК:

Як бачым, філязофія бальбуты заснаваная на разнастайнасьці, свабодзе і паэзіі. У ёй няма слова “мусіць”. У ёй няма слова “мы” — толькі бясконцая колькасьць вольных і ўнікальных “Я”. У ёй няма слова “бог” — калі некаму заманецца займець бога, ён назаве яго сваімі словамі, тымі, якія спатрэбяцца менавіта яму і нікому іншаму. У ёй няма ні маралізатарства, ні маралі, няма словаў, якія б ацэньвалі, добра нешта ці кепска, правільна ці не. Усё мае права на існаваньне. Сьвет складаны — і гэта ня добра, і ня дрэнна, так ёсьць. А калі хочацца выказаць, што адчуваеш, выказаць ацэнку, можна скарыстаць іншыя словы — якія пагасяць эмоцыі, супакояць, і застанецца толькі праўда. Бальбута экалягічная і талерантная: у ёй няма розьніцы паміж чалавекам і жывёлай, паміж пустазельлем і расьлінамі з Чырвонай кнігі, няма перавагі адных над іншымі, няма моўнага прыгнёту, няма ўлады дакладнага і канчатковага называньня. Бальбутай цяжка некага прынізіць, а вось апяяць — калі ласка. Слова “прыгожы” ў ёй азначае толькі асабістае стаўленьне да аб’екта. Бальбута — мова густу. Мова свабоды, паэзіі і шчасьця.

Бальбута адкрытая: калі лянота, лацінскія тэрміны можна бальбутызаваць і не адчуваць сябе прысаромленым. Што да ўласных імёнаў і назваў, дык іх згодна з правіламі можна пісаць як хочаш. Нават калі тваё прозьвішча “Шчыміржыцкоўскі”. Як каму называцца — ягонае права. Якое трэба паважаць.

Што ж, свабода — нож са мноствам лёзаў: на баль­буце можна гаварыць і лёзунгамі:

“Belarus istuzu!”

“Kаu nefuzu, nekusuzu”.

“Fuzalnutika ujma tutikama, istu kopju!”

“Deutschland gur ujma!”

“Rosija statuzu tork!”

“Fu Amerika ujma noju!”

Або нават так:

“Duzu tributika stutima — о tajnuta!”

“Ugustrilutika — o nehitruta!”

Самое слова “balbuta“ азначае “мова”, а яшчэ “слова”, “імя”, “назва”, “выказваньне”, “пасланьне”, “ліст”, “маўленьне” і гэтак далей. Ад “balbuta” мы можам утварыць іншыя часьціны мовы са мноствам зна­чэньняў: “balbuzu” — гэта і “гаварыць”, і “назы­ваць”, і “клікаць”, і “чытаць спавешчаньне”, “balboje“ — “моўны”, “іменны”, “гаваркі”, “балбатлівы”, “слоўны”, “выказаны”... “Balboju” — вусна, словамі, моўна... Balbuta duzu tau algutima balbuzu. Былі б толькі іншыя словы, якія сваёй лёгікай і сілай створаць сытуацыю свабоды. У бальбуце ўсё вырашае кантэкст. Бальбута стымулюе чалавека гаварыць і не баяцца, падштурхоўвае экспэрымэнтаваць і аддаваць даніну разнастайнасьці і бясконцасьці сьвету. Браць шмат словаў, усе, што пад рукой, і не баяцца вокрыку.

Што да ліку, дык я вырашыў, што для лічбаў і колькасьцяў варта прыдумаць асобную схему. Сучасны чалавек і так увесь час мае перад вачыма напісаныя лічбы — дык чаму б замест таго, каб ужываць складаныя архаічныя формы, проста не агучыць тое, што бачыць зрок і візуальна фіксуе мозак.

0 — zironk

1 — onk

2 — donk

3 — tronk

4 — kronk

5 — skonk

6 — sonk

7 — sidonk

8 — etonk

9 — nonk

10 — dzonk

Вядома, для сотняў і далей спатрэбілася яшчэ некалькі словаў.

100 — stonk

1000 — tisonk

1000000 — milionk

І калі мы кажам “сто пяцьдзясят тры” — на баль­буце гэта будзе stonk skonkitronk. А калі, напрыклад, “тысяча дзьвесьце семдзесят дзевяць”: tisonk donkisidonk nonk.

Нас было чацьвёра. Bim kronk au. Даслоўна: было чатыры “я”.

Але спачатку быў я адзін, бог. U ksutima au onkuru bim, B.O.G., suta da kavuta, amgluta da negrimuta. У пачатку я толькі адзін-ды-усё быў, адзін-ды-­усё, чалавек і кава, час і цішыня.

Da donk bim m-e-e-suta kroskoje. Meesutko. А другім быў ён — Козьлік.

Ко-о-зьлік...

4.

Нацешыўшыся ўпотай з навастворанай мовы, вылепіўшы зь яе гнуткага месіва, як дзіця з падоранага плястыліну, паўтузіна наіўных фігурак, я крыху супакоіўся і цьвёрда вырашыў нікому пакуль што пра бальбуту не казаць. Удасканальваць яе пакрысе, каштаваць раз-пораз яе нечуваны смак і ні ў якім разе ні з кім не дзяліцца. Трэба было зрабіць паўзу — хай адляжыцца, перастане быць сном, набярэцца сілы прыняць усе прызначаныя ёй выклікі. А лепш, думаў я маркотна і зь нейкай садысцкай асалодай, — няхай назаўжды застанецца маёй і толькі маёй мёртвай красою.

Але створаная мной мова не выглядала мёртваю. Не, халера на яе, яна не ляжала нерухома на пасьцеленым мной ложы, у вясельным убраньні, халодная і дасканалая. Не! Яна спакушала, яна вібравала, не давала засяродзіцца на нечым іншым, клікала зь цемры, вабіла сваімі салодкімі галоснымі. Яна танчыла перада мной, яна зьвінела — нездарма я навешаў на яе столькі звонкіх зыкаў, яна густа і жарсна трубіла ў свой рог — і мне рабілася ўсё больш ніякавата. Яе здольнасьць да жыць­ця была ідэальнай. Яна магла ўсё — і належала мне аднаму.

Як ашалелы ўсходні сатрап, кожную ноч я прыходзіў у яе пакой, ключ ад якога існаваў толькі ў адным асобніку, любаваўся ёй, насычаўся, перасыпаў з далоні ў далонь яе золата, шоўк і срэбра, нюхаў яе матэрыю, гладзіў яе скуру — і адчуваў страх: або яе скрадуць, або я раздам яе натоўпу. Раздам усім убогім, тупым і безаблічным, раздам у адным жудасным, п’яным парываньні, і больш ніколі не змагу вярнуць. “Апошні раз я быў у цябе”, — кляўся я шторазу пасьля сваіх візытаў, і ўсё роўна: варта было Верачцы сысьці на працу, я кідаўся адчы­няць клетку.

Неяк узімку я ня вытрымаў і пачаў перакла­даць на бальбуту вершы і розныя кароткія тэксты. Бальбута быццам толькі гэтага і чакала — у ёй нарэшце завіравала кроў, яна прымала любую форму, якую я ёй прапаноўваў, ёй не былі патрэбныя загады і напаміны, яна з усьмешкай выгіналася, мяк­чэла або наадварот цьвярдзела, варта мне было толькі ўявіць, чаго я ад яе хачу. Яна валодала прасторай слова і перастварала любы вобраз, які мне заманулася прынесьці ў яе залатую клетку. Мая бальбута — яна была такой паслухмянай, такой паслужлівай... Штодня я назіраў чарадзейства: на маіх вачах вокамгненна вырасталі новыя расьліны, істоты, краявіды — нікім ня зьведаныя, нікому ня бачныя, іх мог спазнаць толькі я. Аднаго майго жаданьня хапала, каб уся гэтая раскоша і таямніца згарнулася і зноў саступіла месца рэальнасьці. Я быў яе каралём. Дыктатарам. Адзіным яе каханкам, першым і апошнім. Яе сэрцам. Яе забойцам.

Неяк у сакавіку, трасучыся ў тралейбусе, я думаў пра бальбуту, думаў, як я прыйду да яе сёньня ўначы — і тут на прыпынку ўвайшоў нейкі чалавек, які падаўся мне такім звычайным, што я нават адвярнуўся, так мне зрабілася нядобра.

Гэта быў мужчына: ня лысы, але досыць рэдкавалосы, апрануты не багата, але ў новае, з рынку, такое, каб не вылучацца, з вачыма не дурнымі, але і не сказаць, каб разумнымі, цела ягонае было цалкам прапарцыйнае, але прапорцыі зжэрлі ягоную індывідуальнасьць, у яго не было ні шнараў, ні ра­дзімак, ні барады, твар быў жаўтавата-шэры, але не занадта шэры і не занадта жоўты, а акурат такі, каб зьлівацца з колерамі гораду; ягоную зьнеш­насьць цяжка было запомніць, ён быў не высокі, але і ня нізкі, хутчэй: сярэдняга росту... сярэдняга веку, сярэдняе клясы, сярэдняе адукацыі, сярэдніх памераў, сярэдніх патрэбаў — і нарадзіўся ён, відаць, таксама ў сераду.

Такі сабе сярэдні мінімальны беларус, базавая чалавечая велічыня.

Ён быў звычайны нават у параўнаньні з тымі, хто сядзеў вакол мяне і напаўняў сабой тралейбусныя вантробы, ён быў такі звычайны, што я ажно фізычна адчуваў ягоную банальнасьць, ягоную ўсярэдненасьць, ягоную нармальнасьць, ён быў такі, быццам сама паўсядзённасьць прызначыла яго сваім прадстаўніком, сваім паслом у гэтым гарадзкім тумане, нібы яна сьцьвярджала празь яго сваю змрочную ўладу ў натоўпе. Сярэдні мужычок ухапіўся за поручань і пазяхнуў, агаліўшы ня надта добрыя, але ўсё яшчэ цэлыя зубы. Сьцьвер­дзіў­шыся на новым месцы, заняўшы месца пад сонцам, ён пачаў пужліва-гідліва азірацца — так яны ўсе робяць, калі ня бачаць непасрэднай пагрозы.