Паміж намі адразу ўзьнікла нейкае супрацьстаяньне — хоць я бачыў яго ўпершыню, і ён мяне таксама. Нешта такое зьявілася ў паветры, быццам на нас зь ім нехта глядзеў. Ён таксама адчуў штосьці ня тое, пачаў кідаць на мяне позірк за позіркам, ён не разумеў, у чым тут рэч, але каркам сваім лавіў нейкія хвалі маёй агіды і маёй залежнасьці ад яго — позіркі рабіліся ўсё больш нядобразычлівыя, і ўсё больш страху і нянавісьці зьяўлялася ў ягоных неглыбокіх вачах.
Я ня мог адвесьці ад яго позірк. І тады раптам уявіў сабе, што ён, гэты звычайны чалавек, вось гэты вось містэр Норма, Нармалды, зараз скажа мне штосьці на бальбуце.
Мяне быццам па галаве выцялі.
Быццам тралейбус паляцеў у прорву.
Быццам мною стрэлілі з гарматы ў неба.
Ён, гэты звычайны мужычок, мог бы гаварыць на бальбуце. Мог бы ёй валодаць. Мог бы гаварыць на бальбуце свае сярэднія словы, думаць сярэднія думкі, фармуляваць на бальбуце свае сярэднія патрэбы. А чаму, уласна кажучы, не? Мужычок быў жывы, як плесьня, і бальбута была жывой. Зараз ён раскрые рот... І я пачую...
Гэтага не магло быць.
І ўсё ж магло. Ягонага мозгу цалкам хапала, каб засвоіць вызначаныя мной правілы. Памяці было дастаткова, каб вывучыць усе словы. Ягоны рот мог вымавіць гэтыя гукі ня горш за мой — і ягоная мова магла зрабіцца бальбутай, як і любой іншай.
Любой іншай — чаму б не маёй?
Гэта было неверагодна балюча.
І неверагодна прыемна.
Мяне апанаваў сорам. Вельмі падобны да таго, які я адчуваў некалі ў дзяцінстве. Салодкі сорам папяровага хлопчыка, які малюе папяровых жанчын і таропка камечыць, баючыся, што яго засьпеюць за гэтым заняткам.
Ня ў стане адвесьці вачэй, я глядзеў на мужыка ў тралейбусе і ў думках даваў яму прамовіць на бальбуце то адну, то другую фразу, ён лыпаў вачыма, ён шалеў ад майго гіпнозу, ён падумаць ня мог, што здольны на такое — гаварыць на мове, якой няма. Мой патэнцыйны бальбутанін. Як жа ты мяне тады напужаў.
Праўда, якая адкрылася мне ў той момант, апякала маю сьвядомасьць. Усяго толькі адна памылка сьветабудовы, усяго толькі магчымасьць памылкі, толькі ўяўленьне пра памылку — і бальбутай можа загаварыць кожны. На мяне навалілася раптам страшная рэўнасьць, якая ня проста ўзрушвала, яна фізычна ўзбуджала — і я нічога ня мог зрабіць з гэтым узбуджэньнем. Я дзяліўся тым, што любіў — і мне хацелася, каб яны бралі гэта ў мяне на вачах. Жэрлі, чвякалі, авалодвалі, рабілі сваім, клалі сабе ў рот. Я быццам сачыў за чужым любоўным актам. І мне ўсё было мала. Я прагнуў працягу.
Адарваўшы мокрыя рукі ад поручня, на наступным прыпынку я ўсё ж выбег на вуліцу. Містэр Нармалды зь ягонай звычайнасьцю і ягонай нянавісьцю мог нарэшце ўздыхнуць спакойна. Але ня вы, дарагія мае мінсквічы. Я ішоў скрозь натоўп і спрабаваў прымераць бальбуту на кожнага, хто сьпяшаўся насустрач: насупленых мужчын, жанчын зь невідушчымі вачыма, на дзяцей і старых — і ні пра кога ня мог сказаць з пэўнасьцю, што ён ня мог бы гаварыць на бальбуце, калі б яго навучылі.
І тады я наважыўся.
Гэта было дурное рашэньне, але я ня мог нічога з сабой зрабіць. Звонку яшчэ прытомны, яшчэ прыстойны, я ўжо даў згоду на ўдзел у гэтай оргіі з самім сабой.
Змакрэлы і, напэўна, хваравіта-бледны, з заміраньнем сэрца я спыніўся каля Макдональдсу і дастаў тэлефон.
Удаючы, што тэлефаную некаму, я стаяў у цэнтры гораду, сярод размаітых чалавечых істотаў, якія абыякава агіналі мяне, сьпяшаючыся па сваіх справах, і гучна і нахабна размаўляў на бальбуце. На мове, якой не было, з суразмоўцам, якога не існавала. Упершыню ў жыцьці.
Слова. Фраза. Размова. Плынь дзіўна мэлядычных гукаў, якую заглушала гучнае мармытаньне гораду.
І зноў: нічога не зьмянілася.
Яны ішлі на мяне, паўзь мяне, спускаліся ў падземны пераход, гаварылі, маўчалі, кашлялі, пляскалі нагамі на сакавіцкай слоце, і ніхто не зьвяртаў на мяне ўвагі. Быццам бы я па-расейску балбатаў, далібог.
У цэнтры вялікага гораду, на вачах ва ўсіх, упершыню гучала няісная мова — і нікога гэта не хвалявала. Ад таго, што нікому няма да мяне справы, ад таго, што ніхто, ніводзін чалавек з тых, што праміналі маю постаць у брудным плашчы і няўклюдна завязаным шаліку, не здагадваўся, што адбываецца, мне зрабілася млосна. Узбуджэньне дасягнула нейкай мяжы, за якой я ўжо ня мог сябе кантраляваць. Мне тэрмінова трэба было пабыць аднаму. Я забег у грамадзкую прыбіральню, заплаціў і схаваўся ў кабінцы. Я абмацаў сваё цела, яго гусіную скуру, усе яго цёплыя выступы, засунуў рукі сабе ў штаны, пад пахі, на сьпіну і пакрысе вярнуў сабе адчуваньне сваёй цэласьці.
Супакоіўшыся, я задумаўся.
Яны не маглі разумець, што я, усьміхаючыся, крычаў там, наверсе, у тэлефон. Але нейкае імгненьне яны ўсё ж чулі гэтыя дзіўныя гукі. Яны, вядома ж, падумалі, што я замежнік. Іхная памяць на сэкунду-другую адзначыла неахайнага, спацелага іншаземца, які стаіць каля Макдональдсу і размаўляе зь некім па-свойму, яна прыклала незнаёмыя гукі да свайго прымітыўнага набору стандартных узораў, іхныя мазгі ацанілі немагчымасьць вырашыць задачу — і нягеглы іншаземец быў выкінуты з памяці, бо быў ідэнтыфікаваны як занадта кароткі, нецікавы, непатрэбны ім, бескарысны эпізод. Ці мала каля Макдональдсу іншаземцаў. Да іх тут даўно прызвычаіліся.
І ўсё ж яны мяне чулі, мае суайчыньнікі. Чулі! А я гаварыў. Вёрз лухту пра надвор’е, кошты і ежу. Быццам былі людзі, якія маглі мне адказаць.
Так я ўпершыню вывеў бальбуту ў сьвет. Голай, жывой, на кароткім ланцужку. Здаецца, ёй спадабалася. Яна хацела яшчэ.
Я ня мог ёй адмовіць. Вечарамі я выходзіў у горад, лез у самую гушчыню, у віры локцяў, заплечнікаў, патыліц, прыладжваўся да насельнікаў падземных пераходаў, даставаў тэлефон і размаўляў на бальбуце. Яны азіраліся, у іхных вачах успыхвала і гасла цікавасьць. Можа, яны прымалі мяне за італійца. А можа, за таго, хто выгульвае турыстаў па Менску — бальбуце пляваць на вымаўленьне. А можа, і ім было пляваць, каго я выгульваю — няісную мову ці няісных людзей.
Так мінуў мокры люты, пракрочыў міма сакавік, горад прасох, паўсюль, на леташняй шорсткай траве, на асфальце, на дрэвах і сьпінах зьявіліся пляміны, нібы ад пральнага парашку. Пачаўся красавік, вярнуўся холад. Вылазкі ўжо не прыносілі ранейшага ўзбуджэньня — і вось акурат у гэтым часе, калі гульня пачала мне надакучваць, я абсалютна нечакана атрымаў на электронную пошту невялікі, але жвавы ліст.
“Што ж, спадару, — пісаў мне хтосьці невядомы, нават не павітаўшыся, — дзякую, неблагая задачка. Ня ведаю, каго вы надумалі дурыць, але ж праект досыць саманадзейны. Што да мяне, дык нават мая прыродная лянота не настолькі склеіла мне мозак, каб не разгадаць мілы тварык новага конлянгу. Мàю чамусь даўнюю сымпатыю да іхных нетутэйшых пысаў. Праўда, жыцьцё іхнае як у матылькоў. Блукаю часам па могілках выдуманых моваў, і ведаеце, спадару, дарослую магілку там рэдка калі пабачыш. Усё памірае на стадыі народзінаў. Больш чым пэўны, што і вы сваё дзецішча даўно пахавалі, так і ня даўшы яму ні голасу, ні колеру, ні лапкай махнуць. Ну так, пераклад... І што далей? Лінгваканструяваньне, да жалю, гэта ж для вас усіх хіба гульня на вечар. Але, відаць, імя айцец пасьпеў прыдумаць, га? Дык жа дашліце мне назвіска дзеля навуковага інтарэсу, вам хоць нейкі ўспамін, а мне ў калекцыю імёнаў мёртвых новы экспанат. А лепш дадайце да назвы яшчэ некалькі перакладаў разам са слоўнічкам. Хочацца пабавіцца ў вольную хвілінку.
Ведаю, што не адкажаце, таму разьвітаюся так: bu nestrikuzu! але ж маю права спадзявацца — а хто ня мае? З усімі паклонамі — Каятан Пакаянскі”.
Я перачытаў гэты ліст некалькі разоў, адчуваючы шторазу ўсё большую паніку. Няўжо я сапраўды бачу гэта: два словы на бальбуце, што настукала на клявіятуры зусім ня гэтая вось, знаёмая да агіды, мая правая рука — а нейкая іншая? Чужая. У сьвеце быў хтосьці яшчэ, хто валодаў маёй мовай — хай сабе і толькі двума словамі, але ён іх напісаў, і я ня ведаў, хто ён такі і навошта гэта зрабіў.
“Бу нестрікузу” — “не чакацьму”...
Да мяне не адразу дайшло, як ён мяне вылічыў — але потым я прыгадаў: неяк сакавіцкай ноччу, адурэлы ад халоднай кавы, я пакінуў на адным набрынялым гнілымі амбіцыямі сайце свой пераклад забытага вугорскага паэта, гомасэксуала і няздарнага самагубцы Імрэ фон Штукара, мне падалося, ён добра гучаў на бальбуце. Я ня раз шкадаваў, што зрабіў гэта, але мяне суцяшала, што мой пераклад усё роўна застанецца нябачным. Бо той сайт існаваў як чорная дзірка, у якой тэксты зьнікалі хутчэй, чым іх мог нехта пабачыць. Гэта была дзіўная старонка... Супольнасьць хворых на манію велічы вар’ятаў, дзе ніхто не чытаў іншых, ніхто не чытаў жывых і ніхто ня меў нават кроплі таленту — ды там нават самога сябе чытаць лічылася кепскім густам. І ўсё ж гэтая няўмела зробленая, прымітыўная і набітая вірусамі ды расейскай рэклямай старонка, якой, я быў пэўны, ніхто не кіраваў, ажно трашчала ад самых розных тэкстаў на самых розных мовах. Гэта быў вялікі сьметнік літаратурных крыўдаў, самазваных геніяў і няспраўджаных надзей — і каб натрапіць на мой пераклад, трэба было добра паблукаць у ягоных сьлізкіх і цёмных лябірынтах. Я зарэгістраваўся на ім даўно, яшчэ калі жыў адзін, і, мабыць, там дагэтуль вісеў мой мэйл. Кім трэба было сябе лічыць, каб дабрацца да верша нікому не вядомага вычварэнца Імрэ фон Штукара на бальбуце, якую трэба было мець апантанасьць, якой выпадковасьці дзякаваць?..
Спачатку я вырашыў нічога не адказваць. Знайшоў свой пераклад і выдаліў яго — але ніякай палёгкі не адчуў. Я ня ведаў, што рабіць. Спрабаваў уявіць сабе таго таемнага Каятана: вось жа, яму хапіла розуму і імпэту, каб, скарыстаўшыся маім сьціплым перакладам, зразумець некаторыя правілы бальбуты. Пэўне, гэта чалавек маіх гадоў — і, магчыма, нават маіх амбіцый. Не бяз таленту — дастаткова ацаніць стыль ягонага пісьма. Стварае сабе імідж гэткага эстэта. І трэба ж, файнае хобі: зьбіраць назвы ненароджаных канлангаў. Каятан... Ну, гэтаму мы ня верым, знайшоў дурня. Хутчэй нейкі Андрэй ці наогул Санёк. Санёк-Пянёк. Хіцер Зьміцер. А мо і Аляксандар Эдуардавіч. З прозьвішчам праз злучок. Яны такое любяць, гэтыя Эдуардавічы. Інтэлігенты хрэнавы. Верагодна, майго ўзросту, нежанаты, расчараваны цынік, любіць выпіць, курыць люльку. Не. Магчыма, ён інвалід, падумаў я і адразу паверыў у гэтую спакушальную вэрсію. У яго процьма вольнага часу — вось і мардуецца чалавек рознай лухтой. Можа сабе дазволіць.
Вядома, я сам зрабіў памылку і выдаў сябе, апублікаваўшы свой тэкст. Але, магчыма, калі прамаўчаць, імпэту ў таемнага Каятана неўзабаве паменшае, а там, глядзіш, і зусім прападзе жаданьне лезьці да мяне ў сябры. І ён забудзе пра дурацкі пераклад, і пра тое, што мае мой паштовы адрас, і пра тое, што ён некалі мне напісаў. Знойдзе іншыя цікавосткі.
Невядомы чалавек, які чакае, што я дам яму ключ ад клеткі. Той клеткі, дзе хаваю сваё жывое. Сваю любоў і сваю сьмерць.
Ад кожнага ягонага слова ішла небясьпека. І ён ведаў гэта. Ён сьмяяўся зь мяне, седзячы недзе ў варожым мне сьвеце, можа быць — нават за гэтай самай сьцяной.
Мінула некалькі дзён, і я зразумеў, што змаўчаць будзе цяжэй, чым мне падавалася. Спакуса мучыла мяне — я меў шанец пабачыць чалавека, які прамовіць словы бальбуты проста ў мяне на вачах. Я пачую гэта, пабачу, як варушацца вусны, як язык выштурхоўвае ў паветра словы створанай мной мовы. Не, не стварэньне мовы робіць цябе богам — а магчымасьць бачыць, як мовай гавораць незнаёмыя табе істоты, як яна ажывае ў іхных ратах.
Ліст прыйшоў у панядзелак. У пятніцу я напісаў адказ. І ўжо ўвечары мы ліставаліся з тым, каму першаму наканавана было размаўляць са мною бальбутай — і я ніяк ня мог зразумець, хто каго злавіў у сваю сетку, я яго або ўсё ж ён мяне. Хто з нас мусіў чакаць ад другога падпарадкаваньня?
Чамусьці мы дамовіліся сустрэцца — у панядзелак а шостай вечара. Дагэтуль невытлумачальнае рашэньне: што замінала нам камунікаваць онлайн і абмяркоўваць усё на сьвеце? Навошта было гэтае знаёмства? Неяк я правёў адмысловае дасьледаваньне, спрабуючы зразумець, чыя гэта была ідэя: сустрэцца і пазнаёміцца. Разьвіртуаліцца... Знайшоў тыя нашыя першыя мэйлы. Высьветлілася, што ідэя была мая. А ён вінаваты ў тым, што не адмовіўся. Наадварот, пагадзіўся занадта хутка. Падазрона хутка. Нібы ад таго, як я выглядаю, залежала, ці працягваць яму кантакт са мной.
Палёгка. Ён жыў у тым самым горадзе, што і я. Мы дамовіліся сустрэцца на плошчы Перамогі, за столікам каля “Шчодрага” — быў там такі ўнівэрсам з кавярняй проста каля выхаду з мэтро, дэмакратычнае месца, таннае піва, кава, малочныя кактэйлі. Ён напісаў, што будзе трымаць у руцэ кнігу. “Якую?” — запытаўся я. Ён не адказаў. Хацеў мяне падражніць.
Я наўмысна прыйшоў раней. Не падыходзячы да столікаў, я заняў пазыцыю каля парапэта. Сеў на халодны мармур, закурыў з дрымотным выглядам, удаючы, што ніякага “Шчодрага” для мяне не існуе, а існуюць толькі дзявочыя ногі, што прабягаюць міма — травень толькі-толькі расшчодрыўся на цеплыню. А сам уважліва вывучаў, што робіцца пад парасонамі. Столікаў было тры. За адным сядзелі нейкія празьмерна валасатыя мужыкі, усе ў цёмных акулярах, сядзелі і жвава жэстыкулявалі, пра нешта спрачаючыся. Адзін у пэўны момант нават пагрозьліва прыўзьняўся, але іншыя прымірэнча схапілі яго за локці. За другім столікам бабуля раздражнёна назірала, як унучка есьць марозіва. Стол пакрываўся белымі плямамі, як фарбай, дзяўчынка аблізвала сабе запясьце, мезенец, указальны палец, раптам вафля зламалася, як быццам у дзяўчынкі пальцы хруснулі — і бабуля здрыганулася ад нечаканасьці. Трэці столік быў пусты. Амаль у шэсьць мужчыны сышлі, не перастаючы спрачацца. Але марозіва ў дзяўчынкі ўсё не сканчалася. Трэці столік занялі дзьве дамачкі, якія замовілі сабе па шампанскім. Кніг у іх не было.
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.