Разважаючы пра гэта, я даехаў да свайго дому з мэмарыяльнай дошкай і толькі тады зірнуў на гадзіньнік. З хвіліны на хвіліну мусіла прыйсьці Верачка. Яна б раззлавалася, калі б не засьпела мяне дома.
Я стрымгалоў узьляцеў па сходах і ў цемры схапіўся за ручку дзьвярэй.
Ключ тыцкаўся, шукаючы шчыліну, але не знаходзіў. Толькі сьлізгаў па штучнай скуры, якой некалі абабілі гэтую дзеравяшку, за якой было маё жытло. Дурная дзеравяшка, апранутая ў скуру, аддзяляла мяне ад майго сховішча. Верачка прыйдзе, а мяне няма.
Магчыма, у мяне занадта дрыжалі рукі. А можа, дзьверы проста не хацелі мяне пускаць. Можа, я тут ужо ня жыў. Сустрэўшыся з Козьлікам, пазбавіўся прытулку. Магло быць і так. Козьлік быў здрадай. Пра гэта я неяк не падумаў. Я пальцамі пачаў намацваць замок. Пальцы знаходзілі, а ключ — не. Быццам замочную шчыліну нехта прыкрываў. Такога са мной яшчэ не здаралася.
А Верачка была ўжо блізка. Я прыхіліўся да сьцяны, сьціснуў кулакі і выдыхнуў. Выдыхнуў асьцярожна, баючыся, што разам са сваім страхам выдыхну і Козьліка, і гэты вечар, і ўсё тое, што сёньня такім цудоўным чынам здолеў здабыць. Адным махам здабыў, адным выдыхам страціў. Такое бывае.
Лёгкі, як папера, я трымцеў у цемры пад’езду, і скразьнякі, прабраўшыся скрозь разьбітыя вокны, ужо абнюхвалі мяне.
Трэба было зрабіць яшчэ адну спробу.
Недзе ўнізе грымнулі дзьверы. Але было ясна, што гэта не суседзі, не, занадта ўжо цёмна зрабілася ў мяне на душы, сьцягнула, нібы плеўкай, разам пальцы на нагах, як заўжды перад яе прыходам.
І душна. Так душна, што хочацца выбегчы на вуліцу. Я шырока раскрыў рот і расшпіліў куртку, каб злавіць скразьняк, але ён быў гарачы, сухі, быццам не веснавы сыраваты горад ляжаў вакол гэтага дому з мэмарыяльнай дошкай, а пустэльня.
Крокаў на сходах чуваць не было. І ўсё ж яна падымалася.
Падвываючы, я стаў на калені, упёрся носам у дзьверы і пачаў шукаць шчыліну замка. Падлога пада мной раптам захрабусьцела. Пад нагамі зьявілася нейкая пустэча. Я схапіўся за ручку дзьвярэй і — трапіў.
Ключ павярнуўся, як бы нічога й не было.
Я заскочыў у кватэру, адчуваючы, як падлога лесьвічнай пляцоўкі сыходзіць у мяне з-пад ног, і як быў, у ботах, кінуўся на ложак, накрыўся з галавой коўдрай. Я верыў, што змагу яе падмануць.
Напрыклад, прыкінуцца п’яным. Яна ўжо бачыла мяне п’яным.
І як толькі я заціх пад сваім даўно ня мытым пледам, аберуч абхапіўшы сваё здранцьвелае цела, яна ўвайшла.
Яна ніколі не падыходзіла да мяне адразу. Не, яна доўга разувалася, вешала паліто, ішла ў лазенку — я чуў, як рыпяць дзьверы. Я занадта доўга жыў у гэтай кватэры, каб вывучыць усе яе галасы. І нават праз гушчу пледа, за якім я хаваўся, нібы быў закапаны ў зямлі, я чуў, як яна напявае. Ціха, пад нос. Я ведаў, што ніякага носа ў Верачкі няма, але такую ўжо слабасьць маем мы, прыматы: ператвараць свае страхі ў прымітыўныя вобразы. Рабіць усё прыматападобным. Бога. Мову. Вусьціш. Сьмерць.
“Попробуй спеть вместе со мной, — пяшчотна і дзелавіта напявала Верачка, мыючы рукі. Тонкі няісны струмень разьбіваўся аб дно ванны. Нібы яна танцавала вакол мёртвага фантана. — Вставай рядом со мной...”
Песьню я ведаў. Але напявала Верачка яе зусім ня так, як яна мусіла б гучаць. Гэта быў голас салодкі і сумны, песьня нагадвала хутчэй калыханку, парушаная гармонія песьні ўсё паўтаралася і паўтаралася.
Пад коўдрай рабілася ўсё гарачэй. Вось дзе яны зьвілі сабе гняздо, гэтыя падманлівыя скразьнякі. Мне нібы ўвесь час нехта дыхаў у твар. Я разумеў што доўга ня вытрымаю.
“Попробуй, — ужо не сьпявала, а проста вуркатала Верачка ў калідоры. — Спеть... Вместе... Вставай...”
На кухні загрымеў посуд.
Мне хацелася скінуць плед. Я задыхаўся. Я ведаў, што хутка гэта скончыцца. Некалі, калі я яшчэ сачыў за сваімі зубамі, такім было чаканьне ў крэсьле — боль, боль, боль — і перадышка, і зноў боль, але разуменьне таго, што ён скончыцца, што я ўсё роўна буду дома, не давала роспачы раскурочыць мне душу. Зубы... Зубы, іх ужо амаль няма, у нэандэртальцаў іх было сорак чатыры, як чыжоў у Хармса, а цяпер іх лік — трыццаць два, tronk donk, тронк донк, тронк донк, б’юць званы ў сьвятога Стэфана.
Так было кожнага разу.
Чаму ж цяпер так цяжка?
Няўжо і праўда віной усяму Козьлік? І цяпер яна помсьціць мне.
Я ж не спазьніўся, Верачка. Я быў на месцы. Я проста крышку выпіў і заснуў. З кім? Ды ні з кім, Верачка. Як заўжды, адзін. Хіба мы не дамаўляліся? Я верны табе, Верачка.
Яна грыміць посудам, як катавальнымі інструмэнтамі.
Яна ўключае мікрахвалёвую печку.
І лічыльнік, стары лічыльнік каля дзьвярэй, эбанітава-чорны, бліскучы, пачынае круціцца, пробкі гудуць, колца езьдзіць: вось-вось пальецца зь лічыльніка ці то марш, ці то джаз, ці то вальс.
Верачка хоча патанцаваць.
Яна ідзе сюды.
Хутка ўсё гэта скончыцца. Яно заўжды сканчаецца.
І тады я пачынаю маліцца. Спрабую ўявіць сабе твар Козьліка і малюся.
На бальбуце. Я ўжо ня ведаю іншых моваў.
“Bruta mau, tau istuzu u autima, tau balbuta svetuzu bu, tau stuta aiduzu bu, tau fuzu ujma sau aluzu u tutima da autima, du nau kusutima rusoje dinuti...”
Малітва прымата.
Верачка падыходзіць да ложка. “Попробуй... Вставай”. Верачка апускаецца побач. Я адчуваю, як б’ецца яе сэрца, як яна дыхае, я ўціскаюся глыбей у праціснуты ложак, і ногі мае ў прагнілым абутку так пякуча сьмярдзяць, і плед, у які я выдыхнуў столькі страху, варушыцца.
І тады я малюся ўжо па-іншаму.
“Amiluta o istoje, o istuta amiluta,
Amiluta o intruta, o intruta amiluta,
Amiluta o aluta amiloje tau istuzu...”
Ленан, ратуй. Ленан, прыйдзі. Трыццаць два зубы, трыццаць дзьве хвіліны, сорак чатыры вясёлыя чыжы. Love is free, free is love. Магчыма, гэта і ёсьць адказ, о дыктафоне, слуга гасударавага мужа — можа, таму я і прыдумаў бальбуту — каб маліцца?
Яна перастала напяваць. Мне здалося, яна плача.
Але я цябе не люблю, Верачка. Як сказаць ёй, што я яе не люблю. Як сказаць, што ня любіш, на мове прыматаў?
Плед палез да ног, у твар дыхнула парфумай, плеўка між пальцаў напружылася, пстрыкнуў выключальнік. Толькі лічыльнік патрэскваў у цішыні кватэры.
Ці то вальс, ці то марш, ці то джаз.
***
Як заўжды, уначы я прачнуўся, адчуваючы ва ўсім целе прыемную лёгкасьць. Яна даравала мне — а можа, нічога не заўважыла. Усё было як заўжды. Плед ляжаў на падлозе. Я быў разуты, а боты стаялі ў перадпакоі, ссунуўшы мыскі. Верачка ўжо сышла ў сваю начную зьмену, і я пайшоў на кухню, наліў сабе выпіць, стаў каля акна. Людзі спалі, адзін на адным. Я быў яшчэ не стары і досыць здаровы, у мяне была здымная кватэра ў доме з мэмарыяльнай дошкай, флэшка з мовай, схаваная ў надзейным месцы, і Козьлік дзесьці ў мікрараёне непадалёку. На стале ляжалі грошы, заплаціць за месяц гаспадару і на камунальныя выдаткі, лядоўня была зноў поўная, а ў ванным пакоі капала вада. Я цудоўна выспаўся і ведаў, што мне нічога не пагражае.
Я сеў за ноўтбук і адразу ж знайшоў у пошце ліст ад Козьліка. Не мінула і васьмі гадзін, як мы разьвіталіся, а ён ужо нецярпліва пісаў, што так і не атрымаў матэрыялу з правіламі і слоўнікам бальбуты, і прасіў прабачэньня за тое, што пакрыўдзіў. Я даслаў яму ўсё, што патрэбна, і дадаў некалькі словаў. А потым адкінуўся ў крэсьле, падумаў, усьміхнуўся і надпісаў зьверху па-беларуску:
“Дарагі Козьлік!”
Я адчуваў, што гэта яго зьдзівіць — але я ведаў, дакладна ведаў, што ён не пакрыўдзіцца. Ён ужо быў зачараваны гэтай мовай. І яе богам, які ўзяўся за свой прамы абавязак — вучыць і даваць закон.
Ужо раніцай, папіваючы каву, я атрымаў ад яго новы ліст. Гэтым разам — цалкам на бальбуце. Я і цяпер памятаю, што там, у перакладзе на беларускую ён гучаў прыкладна так:
“Гэта неверагодна, але я так і ня змог заснуць. Усю ноч праседзеў за вашай кнігай. Гэта як апынуцца на поўнай цудаў высьпе — толькі на першы погляд яна малая і нябачная, насамрэч жа — космас. Дзякуй. Здаецца, я сёньня ўжо не змагу гаварыць і думаць інакш. Усе пытаньні, якія маю, спадзяюся агучыць пры сустрэчы. Буду рады, калі вы падорыце мне права на адно слова. Разумею, што яго трэба заслужыць, гэтае права, але калі ў слоўніку бальбуты зьявіцца хоць нешта, створанае мной, вы (памятаеце Стральцова?) “пабачыце шчасьлівага чалавека”.
Ваш К.”
6.
Ледзьве ня кожны дзень мы абменьваліся з Козьлікам кароткімі пасланьнямі, а тыдні праз два дамовіліся сустрэцца зноў — і як ні дзіўна, я чакаў гэтага моманту з такой нецярплівасьцю, што мне нават было сорамна. Магчыма, мой сорам і быў прычынай таго, што я паставіўся да яго насьцярожана, і ён адразу ж адчуў маю стрыманасьць. Бедны Козьлік, ён толькі ўздыхнуў, усьміхнуўся і зрабіў выгляд, што нічога не заўважае.
Гэтым разам мы зноў умовіліся пабачыцца за столікамі каля “Шчодрага” — і чаму мяне так туды цягнула, не разумею. “У вас свободно?” — спытаў нехта над маёй галавой. “За-ня-то”, — прабурчэў я і паклаў на плястыкавае крэсла свой пінжак. Трэба было нешта ўзяць, піва або колу, але столік за гэты час маглі прысабечыць. Я сядзеў пад парасонам і глядзеў, як каля помніка Перамогі шыхтуецца ганаровы каравул: дзяўчаты ў форме з пустымі вачамі і агромністымі, як забінтаваныя пухліны, белымі бантамі на патыліцах паслухмяна лупілі туфлікамі па плітцы. Мяне заўжды ўражваў іх выхад, бо існаваў нейкі найдзічэйшы кантраст паміж тым, што было ў іхных галовах: шопінг, мобінг, пэтынг, укантакцік, гітлер’югенд, блізкія вакацыі — і гэтымі пачварнымі белымі кветкамі, што ўжыўлялі ім у чарапы іхныя прапітыя, брыдотныя камандзіры. Хлопцы выглядалі ня так забаўна — хлопцам форма заўсёды пасуе.
Козьлік трохі спазьніўся. Гэтым разам ён быў на ровары. І гэта мяне таксама раздражняла. Пасьміхаючыся скрозь сваю занадта вялікую, непрапарцыйную дробным рысам твару бараду, ён прычапіў ровар і сеў насупраць, далікатна павесіўшы мой пінжак на сьпінку крэсла.
Я думаў, мы адразу пачнем на бальбуце, але ён трымаўся беларускай.
“Ровар, — сказаў ён, нібы нешта прыгадаўшы. — Калі я да вас ехаў, дык усё думаў, як яго назваць па-нашаму”.
“І як?” — запытаўся я неяк занадта пыхліва.
“Я баюся, — прамовіў ён з усьмешкай. — Гэта вам вырашаць. Хоць слова ўжо, мабыць, даўно існуе”.
Ня гледзячы на яго, я кінуў:
“Па-мойму, усё ясна. Olodonkuta”.
Ён кіўнуў.
“Хіба ў цябе былі варыянты?”
“Вядома, — сказаў ён. — Я падумаў, donkolouta. А яшчэ лепш donkolo. Хоць гэта і крыху супраць правілаў. Mau donkolo bloje da broje”.
“Olodonkuta, — прамовіў я, гледзячы яму гэтым разам проста ў вочы. — Толькі так”.
Ён зноў кіўнуў.
“Пайду замоўлю нешта. Вам узяць піва?”
“Лепш давай грошы і пасядзі тут”.
Я ўзяў яму піва, а сабе сто грам гарэлкі ў плястыкавым кубачку і сок. Мне не цярпелася пачаць размову на бальбуце, але, калі шчыра, я баяўся. Баяўся, што ў нас нічога ня выйдзе. Гарэлка была добрым выйсьцем, галоўнае — не перабаршчыць. Я выйшаў з гэтага халоднага “Шчодрага” бару (кандыцыянэр у іх — зьверскі), сеў, зрабіў глыток і паморшчыўся.
Козьлік усьміхаўся і мружыўся — ці то ад сонца, ці то ад майго прагнага позірку.
І тады мы загаварылі. Так, як я і хацеў.
Гэта выявілася не такой ужо лёгкай справай. Бальбута дае сваім носьбітам шмат свабоды — а свабода, як вядома, ярмо цяжкое. Рухаючыся нібы ў тумане насустрач адзін аднаму, мы вялі размову навобмацак, натыкаліся то на плячо, то на сьпіну, то на выцягнутую руку — але рэдка калі ўдавалася зірнуць у твар: мне ў Козьлікаў, яму ў мой. Дзіўная выходзіла размова. Козьлік часта спыняўся, падбіраючы словы — дый я адчуваў сябе неспрактыкаваным у вуснай гутарцы: людзі мы зь ім былі няпростыя і любілі размаўляць складана, а для складанасьці трэба было ўвесь час будаваць у галаве мудрагелістыя канструкцыі, і ня факт, што суразмоўца мог вокамгненна іх ацаніць і зразумець. Падсьвядома мы, вядома, імкнуліся да спрашчэньня кожнае фразы — ці, можа, гэта я імкнуўся, а Козьлік шчыра намагаўся скарыстаць веліч новай мовы на поўную моц. Тым ня менш, паўгадзіны павольнай, асьцярожнай балбатні на бальбуце ды яшчэ мае дзьвесьце грамаў гарэлкі і два Козьлікавы куфлі піва зрабілі сваю справу — камунікацыя ішла ўсё лепш. Так, мы запіналіся, спыняліся, рыкалі, мыкалі, але ўсё ж разумелі адзін аднаго — кантакт быў. Быў кантакт!
“Вы жанаты?” — спытаў нечакана Козьлік, калі мы замаўчалі, каб адпачыць, і ўтаропіліся на мінакоў, якія беглі міма, адчуваючы да іх лёгкую зайздрасьць: што-што, але пачуцьцё напружаньня ў імя паразуменьня на няіснай мове ім было незнаёмае. Яны падаваліся нам такімі лёгкімі і бесклапотнымі, быццам райскія птушкі. Райскія птушкі ў цэнтры Менску.
“Вы жанаты?” — паўтарыў ён, зноў на бальбуце.
Ён ужыў для гэтага на першы погляд такога нескладанага пытаньня цікавую форму: tau istuzu neonk? То бок: ты жывеш не адзін, ня сам? — спытаўся Козьлік, і я адразу зразумеў, што ён мае на ўвазе. Вядома, можна было спытаць: tau imatuzu krautima? — ты маеш жанчыну? — аднак Козьлік добра спасьціг філязофскую сутнасьць бальбуты: да ўсіх прэтэнзій на тое, каб валодаць некім жывым, на тое, каб лічыць сябе нечым валадаром, правадыром, носьбітам ісьціны ў апошняй інстанцыі або клейшчыкам ярлыкоў, бальбута ставілася ня надта прыязна. Таму проста: ты не адзін? — і гэта магло значыць і шлюб, і сяброўства, і супрацу, і стан у гэтую самую сэкунду, і нішто нічому не супярэчыла.
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.